Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салдат арміі ЗША ўцёк з Паўднёвай Карэі ў КНДР. Яго там маглі затрымаць


Дэмілітарызаваная зона паміж Паўднёвай Карэяй і КНДР. Архіўнае фота
Дэмілітарызаваная зона паміж Паўднёвай Карэяй і КНДР. Архіўнае фота

Амэрыканскі вайсковец, які ўцёк з Паўднёвай Карэі ў КНДР, пэўна, затрыманы і знаходзіцца на тэрыторыі Паўночнай Карэі.

Тое, што грамадзянін ЗША перасек мяжу, пацьвердзіла камандаваньне ААН, пад кантролем якога знаходзіцца зона бясьпекі ў дэмілітарызаванай зоне паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй, паведамляе тэлеканал CBS.

Затрыманы — радавы Трэвіс Кінг. Ён служыў у Паўднёвай Карэі і за дысцыплінарныя спагнаньні да нядаўняга часу знаходзіўся ў сьледчым ізалятары. Каля тыдня таму яго вызвалілі і плянавалі вярнуць у ЗША.

Пасьля праходжаньня надгляду ў аэрапорце вайсковец нейкім чынам далучыўся да групы, якая накіроўвалася на экскурсію ў памежную з Паўночнай Карэяй дэмілітарызаваную зону.

Паводле аднаго зь відавочцаў, салдат уцякаў у бок КНДР, сьмеючыся. Удзельнікі групы спачатку падумалі, што гэта жарт, але потым стала зразумела, што амэрыканец ня вернецца.

Пэнтагон пацьвердзіў, што вайсковец перасек мяжу паміж Паўднёвай Карэяй і КНДР «наўмысна і без дазволу». Камандаваньне ААН заявіла, што працуе з паўночнакарэйскім войскам для ўрэгуляваньня інцыдэнту.

Абставіны здарэньня высьвятляюцца.

Паўднёвая Карэя і КНДР фармальна застаюцца ў стане вайны, паколькі баявыя дзеяньні ў Карэйскай вайне скончыліся ў 1953 годзе пагадненьнем аб замірэньні, а ня поўнай мірнай дамовай. З таго часу Злучаныя Штаты захоўваюць вялікую вайсковую прысутнасьць у Паўднёвай Карэі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG