Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: год калёніі за камэнтар пра кіраўніка МУС і яго сына-міліцыянта; на сэмінарыста Беладзеда завялі крымінальную справу


Сілавікі ў Менску. Архіўнае фота
Сілавікі ў Менску. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

Год калёніі за інтэрнэт-камэнтар пра міністра ўнутраных спраў і ягонага сына

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 15 траўня асудзілі Аляксандра Баравіка паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), піша «Вясна».

Судзьдзя Дзьмітры Кедаль прызначыў Аляксандру адзін год пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 50 базавых велічыняў (1850 рублёў) за абразу міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова і ягонага сына Ўладзімера Кубракова, намесьніка начальніка Цэнтральнага РУУС Менску, начальніка крымінальнай міліцыі.

Аляксандар Баравік мае на ўтрыманьні непаўналетняе дзіця. Працуе сталяром-станочнікам.

Наваградзкага ксяндза Юрыя Жагарына аштрафавалі за рэпост публікацыі 2016 году

Наваградзкі раённы суд аштрафаваў ксяндза Юрыя Жагарына на 555 беларускіх рублёў паводле артыкула аб распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 КаАП), піша раённая газэта «Новае Жыццё».

Паседжаньне прайшло 17 ліпеня, але вядома пра гэта стала толькі цяпер. Паводле аднаго з праўладных тэлеграм-каналаў, нагодай для адміністратыўнай справы стаў рэпост публікацыі Радыё Свабода 2016 году, зроблены ў 2021 годзе. У публікацыі расказвалася пра Наваградзкі замак.

У ксяндза канфіскавалі тэлефон.

На сэмінарыста Ўладзіслава Беладзеда завялі крымінальную справу

Супраць сэмінарыста Ўладзіслава Беладзеда завялі крымінальную справу аб «распальваньні варожасьці» (артыкул 130 Крымінальнага кодэксу), паведаміла «Медиазоне» крыніца, знаёмая з сытуацыяй.

У тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў, зьявілася відэа пра сэмінарыста. У ім выкарыстоўваюць скрыншоты перапіскі, дзе карыстальнік Uladzislau напісаў «хачу забіваць мянтоў».

У відэа сілавікоў Беладзед кажа, што працаўнікі Катэдральнага сабора падтрымалі пратэсты ў Беларусі.

«Асабіста я залазіў на вежу Катэдральнага сабора, каб глядзець за перамяшчэньнем міліцыі, і падаваў сыгнал. Мы званілі ў званы, каб людзі ведалі, што рухаюцца супрацоўнікі міліцыі. Мы хавалі пратэстоўцаў і зачынялі дзьверы перад супрацоўнікамі», — расказвае ён.

Раней яго некалькі разоў арыштоўвалі, агулам на 45 дзён, паводле артыкула аб распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 КаАП).

18 ліпеня ў Катэдральным саборы прайшоў ператрус.

  • Уладзіслаў Беладзед — выпускнік Інстытуту тэалёгіі БДУ, пасьля заканчэньня якога паступіў у рымска-каталіцкую сэмінарыю і праходзіў практыку ў Архікатэдральным саборы. Пасьля яго арышту курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з заявай аб тым, што Ўладзіслаў быў тры гады таму, у лютым 2020 году, адлічаны з сэмінарыі. Таксама курыя паведаміла, што ініцыявала кананічнае расьсьледаваньне ў сувязі са здарэньнем.
  • Уладзіслаў, як сьцьвярджаюць яго сваякі, мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Пасьля затрыманьня, паводле «Хрысьціянскай візіі», ён зазнаў катаваньні, жорсткае абыходжаньне, бесчалавечныя і прыніжальныя для чалавечай годнасьці адносіны.
  • На другім судзе сваякі Ўладзіслава Беладзеда пабачылі ў яго сьляды пабояў.

Удзельніка самай масавай акцыі ў Беларусі асудзілі па фота ў Instagram

У судзе Ленінскага раёну Менску 22 чэрвеня на 2,5 года «хатняй хіміі» паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») асудзілі Аляксея Чумакіна, піша «Вясна».

Мужчыну судзілі па фота на яго старонцы Instagram з маршу 16 жніўня 2020 году — самай масавай акцыі пратэсту ў гісторыі Беларусі.

Да суду Аляксея ўтрымлівалі пад вартай.

На працэсе абвінавачаны расказаў, што пра будучыя масавыя акцыі ў Менску 16 жніўня 2020 году даведаўся з тэлеграм-канала Nexta. Мэты правядзеньня акцыі праз даўнасьць падзей ня памятае.

Мужчына расказаў, што каля 14:00 прыйшоў да стэлы «Менск — горад-герой», дзе далучыўся да іншых грамадзян, якія бралі ўдзел у масавым мерапрыемстве, а потым зь імі працягнуў рух у калёне.

Аляксей фатаграфаваў акцыю, пасьля чаго фатаздымкі разьмясьціў на сваёй старонцы ў Instagram, што і стала асноўным доказам у справе.

Прысуд вынесла судзьдзя Анастасія Ачалава. Пасьля абвяшчэньня выраку Чумакіна вызвалілі ў залі суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG