Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская выведка: у Беларусь прыбылі ад 500 да 700 наймітаў ПВК «Вагнэр»


Цэнтар ПВК «Вагнэр» у Пецярбургу, Расея. Ілюстрацыйнае фота
Цэнтар ПВК «Вагнэр» у Пецярбургу, Расея. Ілюстрацыйнае фота

Да вечара 17 ліпеня ў Беларусь прыбылі 500-700 байцоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў у этэры нацыянальнага тэлемаратону.

Паводле яго, якія перадае «РБК Украіна», частка вагнэраўцаў будзе інструктарамі для беларускіх і расейскіх вайскоўцаў, астатніх задзейнічаюць для таго, каб «нэрваваць» Польшчу і іншыя краіны Эўразьвязу і NATO.

Непасрэднай пагрозы Ўкраіне прадстаўнікі ПВК не нясуць, бо прыбылі ў Беларусь раззброенымі, зазначыў Юсаў.

«Але гэта значная колькасьць людзей з баявым досьведам. Мы маніторым сытуацыю, і гэта не мяняе сытуацыю зь бясьпекай», — сказаў прадстаўнік украінскай выведкі.

17 ліпеня беларускія тэлеграм-каналы апублікавалі відэазапіс руху па трасе М5 у кірунку Асіповічаў (Магілёўская вобласьць) вайсковай калёны, якая, як мяркуецца, складалася з наймітаў расейскай ПВК. У калёне налічвалася ня менш за 20 аўтамабіляў: УАЗы, пікапы, будаўнічая тэхніка, аўтобусы, грузавікі, аўтамабілі рухаліся са сьцягамі Расеі і ПВК «Вагнэр».

Афіцыйна Мінабароны Беларусі пацьвердзіла прыбыцьцё вагнэраўцаў на мінулым тыдні.

14 ліпеня ведамства заявіла аб выпрацоўваньні сумесна з кіраўніцтвам ПВК «дарожнай мапы» на бліжэйшую пэрспэктыву па падрыхтоўцы і перадачы досьведу паміж падразьдзяленьнямі розных родаў войскаў.

Прэс-служба міністэрства апублікавала сюжэт ведамаснай тэлекампаніі «ВаенТВ», зь якога вынікала, што байцы ПВК у Беларусі трэнуюць падразьдзяленьні тэрытарыяльных войскаў.

15 ліпеня Цэнтар нацыянальнага супраціву (падразьдзяленьне пры камандаваньні сіл спэцапэрацый Мінабароны Ўкраіны) з спасылкай на «беларускае падпольле» заявіў, што ў раён Асіповічаў прыбылі каля 240 байцоў гэтай групоўкі, 40 грузавікоў і «вялікая колькасьць узбраеньня» — «з мэтай правядзеньня трэніровак і зладжваньня падразьдзяленьняў ПВК «Вагнэр».

У той жа дзень маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ноччу ў раёне Крычава (Магілёўская вобласьць) у Беларусь заехала ня менш за 60 аўтамабіляў вагнэраўцаў — пікапы, фуры, аўтобусы і інш. Сьцьвярджалася, што калёна ў суправаджэньні ДАІ прайшла праз Рагачоў у бок Бабруйску, а потым на Асіповічы.

Дзяржаўная памежная служба Украіны ў агульных рысах пацьвердзіла інфармацыю аб перакідваньні байцоў «Вагнэра» на беларускую тэрыторыю.

23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын фактычна ініцыяваў працэс ваеннага перавароту ў Расеі. У выніку дамоўленасьцяў, у тым ліку з Лукашэнкам, на наступны дзень ён спыніў свой марш на Маскву. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін дазволіў кіраўніку «Вагнэра» паехаць у Беларусь. 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прыбыцьцё Прыгожына. Па неафіцыйнай інфармацыі, з таго часу кіраўнік узброенай групоўкі некалькі разоў пакідаў Беларусь.

2 ліпеня ПВК «Вагнэр» аб’явіла, што на месяц прыпыняе вэрбаваньне ў свае шэрагі. Гэта было растлумачана часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь». Іншыя падрабязнасьці не прыводзіліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG