Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьбіраўся паехаць у горы, каб зьмяніць жыцьцё». Што вядома пра беларуса Паўла Брэля, які зьнік у Польшчы


Павал Брэль, архіўнае фота
Павал Брэль, архіўнае фота

У цягніку абрабавалі беларускага журналіста Паўла Брэля. Ён прапаў.

Беларус Павал Брэль пераяжджаў жыць з Варшавы ў Букавіну-Татшаньску. 6 ліпеня застаўся бяз рэчаў: у дарозе скралі грошы, тэхніку і дакумэнты. Апошні раз выходзіў на сувязь 8 ліпеня, з таго часу пра Паўла больш нічога невядома.

Павал Брэль пераехаў зь Беларусі ў Польшчу ўвесну 2021 года, расказаў ягоны аднакурсьнік і сябар Віталь, які даўно жыве і працуе ў Польшчы.

«Не было асаблівага перасьледу, але Павал разумеў, што ў Беларусі беспэрспэктыўна працаваць у журналістыцы, беспэрспэктыўна працаваць у сфэры PR, чым ён займаўся. Ён перад пераездам у Польшчу са мной раіўся, кансультаваўся, як тут з жытлом, як з працай. Хаця працу сабе ўжо намеціў, пераяжджаў на нейкае гатовае месца. Хацеў даведацца пра дэталі жыцьця ў Польшчы», — апавядае сябар Паўла.

Пасьля пераезду Паўла яны рэгулярна, раз на месяц-два, сустракаліся, размаўлялі, расказвае Віталь. Тым больш што кватэру Павал зьняў непалёк ад ягонай працы. Але, пражыўшы ў Варшаве два гады, Брэль зразумеў, што гэта не ягоны горад.

«Яму надакучыла Варшава. Можа, яна не прыняла яго. І ён хацеў зьмяніць штосьці ў жыцьці: паехаць ці то ва Ўкраіну, ці то ў Грузію, але пачалася вайна і зьмяніла гэтыя пляны. Ён усё адно не пакідаў надзеі „адвязацца“ ад Варшавы, напісаў пра гэта пост у Фэйсбуку, потым яго выдаліў. Ён хацеў знайсьці больш спакойнае месца, дзе мог бы працаваць у гармоніі з прыродай, і Букавіна здавалася яму такім месцам.

Паша быў узрушаны, што едзе ў горы. З другога боку, быў засмучаны, што цяжкія часы наступілі для Беларусі і Ўкраіны, і часам быў у панурасьці. І ў такім дваістым стане — узрушанасьці і нейкай псыхалягічнай прыгнечаасьці — ён зьбіраўся зьехаць у горы, каб зьмяніць жыцьцё. Але туды ён так і не даехаў», — кажа Віталь.

Магчыма, па дарозе Брэля абрабавалі

Апошні раз сябры сустрэліся 13 чэрвеня. Павал гаварыў, што трэба сустрэцца з усімі астатнімі варшаўскімі сябрамі, бо зьбіраўся зьяжджаць надоўга. Тым больш што праца ў Паўла была дыстанцыйная.

«Мы сустрэліся, пагулялі, ён быў у нармальным настроі, сказаў, што вельмі чакае пераезду, што заўсёды захапляўся гарамі, часта падарожнічаў па гарах ва Ўкраіне, Польшчы, Грузіі. Вялікія спадзевы і надзеі былі на гэты пераезд.
Да таго ж Паша меў сталую працу, былі падпрацоўкі, праекты. Здараліся пэрыяды, калі яму не ўдавалася выйсьці на стабільны заробак. Але ў апошнія месяцы сытуацыя з працай была ў парадку», — сьцьвярджае Віталь.

5 ліпеня прыкладна а 21-й гадзіне Павал Брэль выехаў з Варшавы ў Кракаў, дабраўся туды апоўначы. У Кракаве перасеў на іншы цягнік, які адпраўляўся ў 3:48. Сябры Паўла аднавілі хроніку падзей 5–8 ліпеня і ўжо выехалі шукаць яго.

Зьніклы ў сацсетках скардзіўся, што ў дарозе да яго падселі невядомыя, яны гучна шумелі, перашкаджалі спаць. Крыху пазьней ён напісаў маці, што нічога не памятае і зьніклі ягоныя рэчы — асабісты кампутар, працоўны ноўтбук, фотаапарат, дакумэнты і грошы.

Магчыма, Павал быў у складаным псыхалягічным і фізычным стане


Павал Брэль таксама паведаміў, што сышоў у Пароніне, хоць па факце спыніўся ў мясцовасьці Рабка-Здруй — за 35 кілямэтраў ад гэтага месца.

«У нядзелю, калі мы аднаўлялі храналёгію падзей, прыйшлі да высновы, што ён быў у складаным псыхалягічным і, магчыма, фізычным стане. Бо ён наблытаў, сказаў камусьці, што знаходзіцца ў Пароніне, але выйшаў чамусьці раней, у Рабцы-Здруі. Праз Паронін ён павінен ехаць далей у Букавіну, дзе ў яго было зарэзэрвавана жытло.

Я пазваніў у суботу гаспадару, той паведаміў, што Паша кожны дзень адкладаў паездку. А 5 ліпеня Павал перастаў зьвязвацца з гаспадаром», — расказаў сябар зьніклага.

З 6 па 8 ліпеня Павал быў у Рабцы-Здруі. Яго заўважылі ў гасьцявых дамах, на запраўцы, дзе прасіў падзарадзіць тэлефон. Апошні раз ён выходзіў на сувязь 8 ліпеня каля 22 гадзін.

Сябар і аднакурсьнік Брэля Віталь яшчэ раз выказаў асьцярожную думку пра складаны псыхалягічны стан Паўла:

«Калі я зь ім сустракаўся, ён заўсёды быў у роўным настроі. Але ён сам прызнаваўся, што бывалі псыхалягічныя праблемы, якія ён цяжка перажываў і нават зьвяртаўся да псыхоляга», — кажа сябар зьніклага беларуса.

  • Сваякі і сябры Паўла Брэля просяць усіх, хто бачыў Паўла ці ведае пра яго месцазнаходжаньне, зьвязацца па нумары +370 (643) 18 164 альбо паведаміць у тэлеграм t.me/insalander.
  • Прыкметы: на выгляд 30-35 гадоў, валасы сьветлыя, сабраныя ў невялікі хвост, блакітныя вочы, носіць акуляры, рост 185-190 см, хударлявы целасклад, невялікая барада. Быў у шэрай футболцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG