Таксама прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава паведаміла, што Расея афіцыйна апавясьціла Турэччыну і Ўкраіну, сакратарыят ААН аб яе пярэчаньні супраць падаўжэньня збожжавага пагадненьня, якое дазваляла экспартаваць украінскую харчовую прадукцыю найбяднейшым краінам Азіі і Афрыкі.
17 ліпеня заканчваецца тэрмін такой магчымасьці. Апошняе судна ў рамках пагадненьня выйшла з порту Адэсы 16 ліпеня.
У апошні час расейскія ўлады неаднаразова выказваліся аб пагадненьні з раздражненьнем і намякалі на прыпыненьне або выхад зь яго. Прычынай таму яны называлі нібыта невыкананьне дамоўленасьцяў з боку заходніх краін адносна Расеі.
На сустрэчы з «ваенкарамі» 13 чэрвеня Пуцін сказаў, што яго «чарговы раз падманулі» і магчымасьць выхаду са збожжавага пагадненьня прапрацоўваецца. Адной з прычын ён назваў атакі на расейскія караблі зь бясьпечнага калідора.
«Як адна з опцый: не спачатку працяг, а потым выкананьне абяцаньняў, а спачатку выкананьне абяцаньняў, і потым наш удзел. Мы можам прыпыніць наш удзел у гэтым пагадненьні. Калі ўсе чарговы раз кажуць, што ўсе дадзеныя нам абяцаньні будуць выкананыя — ну, няхай выканаюць гэта абяцаньне, і мы адразу ж далучымся да гэтага пагадненьня зноў», — казаў Пуцін ў этэры тэлеканалу «Россия 24».