Аляксандар Лукашэнка падпісаў зьмены ў закон аб выдавецкай справе ў Беларусі. Пра гэта паведамляе БЕЛТА.
Закон прадугледжвае пашырэньне пераліку падставаў для перарэгістрацыі выдаўцоў і вытворцаў друкаванай прадукцыі, а таксама для прыпыненьня дзеяньня пасьведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў.
Акрамя таго, Міністэрства інфармацыі надзяляецца паўнамоцтвамі прыпыняць дзеяньне пасьведчаньняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў.
Закон касуе паўнамоцтвы судоў на прыняцьце такіх рашэньняў.
Рэпрэсіі супраць незалежных кнігавыдаўцоў у Беларусі
- Рэпрэсіі ў Беларусі зазналі шэраг прыватных выдаўцоў. Выдавецтва «Янушкевіч» у судовым парадку пазбавілі ліцэнзіі ў Беларусі сёлета ў студзені.
- У дзень адкрыцьця, 16 траўня 2022 году, адбыўся ператрус у менскай краме выдавецтва — «Кнігаўка». Янушкевіча і супрацоўніцу крамы — літаратуразнаўцу і блогера Насту Карнацкую — затрымалі і некалькі разоў запар арыштоўвалі (усяго на 28 і 23 дні адпаведна). Янушкевіч пасьля гэтага пакінуў краіну.
- Яшчэ летась 22 сакавіка арандадаўца запатрабаваў ад выдавецтва вызваліць офіс. У выніку выдавецтва «Янушкевіч» з прычыны палітычнага перасьледу пераехала зь Беларусі ў Польшчу, дзе аднавіла працу летась у кастрычніку.
- У красавіку і траўні 2022 году Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыніла дзейнасьць выдавецтваў «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыус» і «Кнігазбор», якія выдавалі кнігі толькі на беларускай мове.
- Эканамічны суд Менску на падставе пазову Міністэрства інфармацыі 10 траўня 2023 году зьліквідаваў Выдавецкі дом Зьмітра Коласа.