Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Час для радасьці прыйдзе». Вялікая размова з мастачкай Нікай Сандрас


Ніка Сандрас, архіўнае фота
Ніка Сандрас, архіўнае фота

Ніка расказала пра спробу выехаць зь Беларусі перад арыштам мужа, дабрачынную працу ў польскім госьпісе, псыхалягічныя траўмы беларускіх дзяцей-эмігрантаў і патлумачыла, чаму яна захоўвае аптымізм, нягледзячы на мноства праблем.

Ніка Сандрас мае польскія і грэцкія карані. Яна кажа, што выхоўвалася ў польскіх традыцыях і заўсёды хацела пераехаць у Польшчу. Год жыве ў Гданску. Пасьля таго, як у Беларусі адбудуцца перамены, марыць жыць на дзьве краіны. Пагаварылі зь ёй пра жыцьцё ў эміграцыі і выпрабаваньні, якія зрабілі яе яшчэ мацнейшай.

— У вас незвычайнае для Беларусі прозьвішча Сандрас. Раскажыце, адкуль яно.

— Нарадзілася я ў Слоніме, дзяцінства прайшло ў Валожыне. Тата мой паляк, хоць нарадзіўся і ўсё жыцьцё пражыў у Беларусі. У нашай сям’і шанаваліся польскія традыцыі, сьвяты, касьцёл, я ў такой культуры выхоўвалася. Таму я заўсёды марыла зьехаць у Польшчу. Тут адчуваю сябе як дома, як у бабулі.

Мама ў мяне беларуска, а ейны дзед — грэк, з таго боку ў мяне беларуска-грэцкія карані. Адсюль і прозьвішча Сандрас.

Ніка Сандрас
Ніка Сандрас

«Я жанчына-кар’ерыстка: даслужылася да пасады кіраўніка аддзела буйной кампаніі»

— Ведаю, што па адукацыі вы географ. Калі пачалі маляваць, дзе вучыліся?

— Пасьля школы я паступіла на геафак БДУ. Але географам я не працавала. Маляваць нідзе не вучылася, хоць марыла паступіць у Акадэмію мастацтваў. Толькі ў старшых клясах зразумела, што ў мяне няма адукацыі, нават мастацкай школы, ня кажучы ўжо пра заняткі з рэпэтытарамі.

Я ў дзяцінстве вывучала азбуку Морзэ, займалася стральбой, хадзіла з татам на паляваньне, а не займалася маляваньнем, што варта было б рабіць, марачы пра Акадэмію мастацтваў.

Але я заўсёды малявала — пэйзажы, людзей. Я малюю кожны дзень. Не бывае дня, каб я не малявала. Для мяне гэта такі ж самы натуральны працэс, як дыхаць, спаць, есьці, піць. Я жыву з алоўкам у руцэ, ніколі зь ім не расстаюся.

Малюнак Нікі Сандрас
Малюнак Нікі Сандрас

Пасьля геафаку я пайшла працаваць у рэкляму, піяр, маркетынг. Я жанчына-кар’ерыстка: рабіла сваю кар’еру, даслужылася да пасады кіраўніка аддзела буйной кампаніі. Днём працавала ў офісе, увечары — вядоўцай на радыё, а ўначы малявала карціны.

Гэта доўжылася бясконца, але ў нейкі момант я зразумела, што ўжо не спраўляюся. Трэба выбіраць: альбо бізнэс і кар’ера, альбо творчасьць. Немагчыма было спалучаць жывапіс і службовыя выправы.

«Ішла ў нікуды. У мяне не было ні жытла, ні грошай — нічога»

— Ці ня страшна было прымаць такое кардынальнае рашэньне — звальняцца фактычна ў нікуды?

— Вельмі цяжка мне даўся гэты выбар. Я захварэла і цэлы месяц ляжала ў лякарні. І ў лякарні я прыняла няпростае рашэньне, што буду звальняцца з офісу і мяняць усё сваё жыцьцё, таму што ўжо край. Я не спраўляюся.

У мяне была вельмі добрая пасада, я вельмі любіла сваю кампанію, цікавую працу, была страхоўка, поўны сацпакет. Цяжка прыняць рашэньне аб звальненьні — нават цяжэй, чым аб разводзе зь першым мужам. Таму што я ішла ў нікуды. У мяне не было ні жытла, ні грошай, нічога — і я прыняла рашэньне пакінуць добрую працу, каб маляваць карціны. Я плакала прыкладна год пасьля звальненьня, бо я не была перакананая, што зрабіла правільна.

Ніка Сандрас
Ніка Сандрас

Цяпер я перакананая, што гэта было самае слушнае рашэньне. І год спатрэбіўся на тое, каб мысьленьне, сьвядомасьць зьмяніліся. Бо я была чалавекам, які кожны дзень ходзіць у офіс, займаецца бізнэсам, і трэба было зьмяніць сьвядомасьць, каб займацца творчасьцю.

Я першыя месяцы прачыналася па будзільніку, пісала сабе пляны працы на дзень і на месяц, я ня бачыла прыгажосьці сьвету навокал, а толькі рабіла нейкія праекты і доўга жыла ў нейкім гістэрычным стане. У той час карціны я малявала алеем і выстаўляла ў ЖЖ, і іх куплялі. Я звольнілася і пачала займацца жывапісам. Потым я зразумела, што ўсё добра, мае карціны купляюць, я магу сябе забясьпечыць і ўсё ў парадку. Мне было ўжо гадоў 34-35.

«Я ніколі не адчувала сябе ў Менску як дома. Як дома я сябе адчувала ў Польшчы»

— Вы былі запатрабаванай, пасьпяховай мастачкай, у вас была студыя ў Менску, дзе вы займаліся з дарослымі і дзецьмі. Што стала апошняй кропляй, каб пакінуць Беларусь? Калі і чаму вы выехалі?

— Мы з маім мужам Эндру зьбіраліся пераехаць у Польшчу яшчэ ў 2018 годзе. І хацелі зьехаць не таму, што мне ў Беларусі было кепска. Наадварот, у мяне ў Беларусі было ўсё добра. Але я ніколі не адчувала сябе ў Менску як дома. Як дома я сябе адчувала ў Польшчы — магчыма, ад таго, што выхоўвалася ў польскай культуры. У Менску ў мяне заўсёды было адчуваньне, што я на чамаданах.

У 2018 годзе я адкрыла студыю ў Варшаве, мы зьнялі там жытло, уладкавалі свой побыт і вярнуліся ў Менск, каб завершыць нейкія справы. Але, на жаль, да нас прыйшлі. Эндру арыштавалі, і 16 месяцаў ён сядзеў у СІЗА.

(РС: Муж мастачкі Нікі Сандрас Андрэй Мішэлутаў працаваў мэнэджарам у групе кампаній Fenox, дзе старшынём рады быў вядомы бізнэсовец Віталь Арбузаў. У 2017-м Арбузава і некалькі супрацоўнікаў кампаніі затрымалі праз падазрэньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. У студзені 2018 году зьмясьцілі ў СІЗА Андрэя Мішэлутава, абвінаваціўшы ў дапамозе Арбузаву ва ўхіленьні ад падаткаў. Пазьней усіх фігурантаў крымінальнай справы вызвалілі).

Я закрыла студыю і завяршыла ўсе справы ў Польшчы, таму што немагчыма было разрывацца на дзьве краіны. Калі праз 16 месяцаў Эндру вызвалілі, крымінальнай справы не закрылі. У СІЗА яму проста адчынілі дзьверы, а далей нічога не адбывалася. Я цяжка захварэла, калі ён быў у СІЗА, не магла працаваць.

Я казала: «Давай зьедзем!». А Эндру адказваў: «Давай дачакаемся закрыцьця крымінальнай справы». Мы ў 2019 годзе жылі ў чаканьні суду ці закрыцьця справы. 2020 год пачаўся, здарыўся ковід, усё закрылася.

А калі ў сярэдзіне 2020-га пачаліся падзеі ў Беларусі, я ўжо нікуды не хацела ехаць, мне маральна і псыхалягічна было цяжка, я хацела быць у Беларусі са сваімі сябрамі. Не хацела я выяжджаць, і кропка. Не хацела!

А потым у 2022 годзе я разгарнула пашпарт мужа і ўбачыла, што ў яго праз пару месяцаў заканчваецца віза. Я зразумела, што нам трэба ехаць і падаваць ягоныя дакумэнты на ДНЖ. Мы селі ў машыну і паехалі ў Варшаву, каб падаць дакумэнты. Мы былі бяз рэчаў, бо паехалі на нядоўгі час. І тут нам пасыгналілі, што вяртацца небясьпечна. У Менску ў мяне засталася студыя...

«Я цалкам шчасьлівая, што маю магчымасьць працаваць»

— Ці цяжка было адаптавацца, пачынаць новае жыцьцё ў новай краіне практычна з чыстага ліста?

— Я ўзяла з сабой толькі кнігі. Я чалавек, які не расстаецца з кнігамі. Грошай было на адзін месяц арэнды жытла. У цябе нічога няма. Трэба было знайсьці працу. Чужая краіна, мовы дасканала ня ведаем, кожны дзень ты павінен зрабіць мільён маленькіх крокаў. Трэба знайсьці краму з прынтэрамі, купіць прынтэр, паперу, заправіць, падключыць інтэрнэт, трэба разабрацца ў рахунках, вывучыць, як лічэбнікі пішуцца па-польску — ты павінен у мільёне рэчаў разабрацца. Жыцьцё пачынаеш з нуля, ты ў бясконцым стрэсе.

Я ведаю, што людзі, калі пераяжджаюць у іншую краіну, упадаюць у дэпрэсію. Я чула страшнае слова «адаптацыя», я ведаю, як моцныя пары разводзяцца, яны ня ў стане пераадолець бытавыя, фінансавыя праблемы. І нам трэба было вырашаць кожны дзень процьму праблем. Але я ніколі не дазваляла казаць, што я стамілася, што мне сумна, цяжка.

Я ня ведаю, што такое адаптацыя. Я цалкам шчасьлівая, што маю магчымасьць працаваць, штосьці рабіць. Чаму? Калі Эндру сядзеў у СІЗА, я пастаянна думала, што, як ён вызваліцца, мы зьедзем. Я меркавала, што давядзецца сутыкнуцца ў невядомай краіне з процьмай праблем. Але ніводная з гэтых праблем ня зможа мяне засмуціць і напалохаць.

Бо я перажыла страшную рэч — калі твой каханы чалавек сядзіць у СІЗА і ты ня ведаеш, што зь ім. Людзі, якія прайшлі турму ці сытуацыю, калі іх блізкія ў турме, нічога не баяцца. Таму, калі выйшла з машыны ў Гданьску, актыўна пачала займацца справамі — з раніцы да ночы. Часам мне проста няма калі самарэфлексавацца. Гэта ўсё дробязі. У параўнаньні з тым, што праходзяць людзі цяпер і які быў досьвед у нашай сям’і, гэта ўсё наагул ня мае значэньня. Я выходжу на вуліцу: усе навокал шчасьлівыя, мора побач, як я магу дазволіць сабе засумаваць і нават падумаць, што мне цяжка? Мне ня цяжка, усё добра — вось так я стаўлюся да пераезду.

«Заняткі ў маёй студыі больш не пра маляваньне, а пра псыхалягічную дапамогу дзеткам»

— Ведаю, што вы ў Польшчы адкрылі студыю, вучыце дзетак маляваць. Хто гэтыя дзеці — беларусы, палякі?

— У мяне школа маляваньня ў Гданьску, прыяжджаюць дзеці з Гданьску, Сопату і Гдыні. Збольшага гэта беларускія і ўкраінскія дзеткі, але пачынаюць прыходзіць і палякі. Паколькі я па-польску пакуль дрэнна размаўляю, я не магла адразу ўзяць польскіх дзяцей, бо я не змагла б ім данесьці, што хацела. Так што мае вучні — дзеткі, падлеткі і дарослыя зь Беларусі і Ўкраіны.

Дзеці на занятках з Нікай Сандрас
Дзеці на занятках з Нікай Сандрас

— У Беларусі вы таксама займаліся зь дзецьмі. Ці ёсьць розьніца паміж дзецьмі, якія жылі на радзіме, і дзеткамі ў эміграцыі?

— Так. Дзеці іншыя. Многія зь дзетак—беларусаў знаходзяцца ў страшэнным дэпрэсіўным стане і стрэсе. Я ня ведаю, ці дзеляцца яны сваімі праблемамі з бацькамі. Мяне яны ўспрымаюць як сяброўку. Калі бачу, што дзіцяці дрэнна, я, вядома, кажу бацькам. У дзяцей свае праблемы, недзіцячыя.

Украінскія дзеці крыху іншыя. Яны не ў такім стрэсе, як беларускія. Яны ведаюць, што ў іхнай краіне ідзе вайна і яны ўцяклі ад вайны. Вайна — зусім іншая падстава для пераезду.

А беларускія дзеці расказваюць дзіўныя для дзяцей рэчы: «Мая мама — вораг народу. Ёй давялося ўцякаць», «Мой тата сядзеў у турме». Беларускія дзеці за мяжой у вельмі дрэнным псыхалягічным стане.

Вось у мяне займаецца група, 10 чалавек. Пытаюся: «Хто сумуе па доме?». Дзевяць чалавек сумуюць: па бабулях, сябрах, коціках, сабачках. У іх ня вельмі дакладнае разуменьне, чаму іх вырвалі з таго жыцьця і перавезьлі сюды з дому. Вось ва ўкраінцаў ёсьць разуменьне: вайна. Яны ўцякалі ад вайны.

Заняткі ў маёй студыі больш не пра маляваньне, а пра псыхалягічную дапамогу. Яны кантактуюць і абмяркоўваюць свае праблемы. Маляваньне другаснае, яны атрымліваюць дапамогу ад мяне, ад сяброў.

Прашу ўсіх бацькоў зьвярнуць увагу, што іхныя дзеці пакутуюць. Дарослыя асэнсоўваюць свае праблемы, а дзеткі проста перажываюць.

«У мяне ёсьць душэўная патрэба штосьці рабіць для людзей, якім яшчэ горш, чым мне»

— Пасьля сваёй цяжкай хваробы вы пачалі працаваць у польскім госьпісе. Вы самі шмат перажылі, а там людзі ў безнадзейным стане. Навошта гэта вам?

— Так, я ежджу маляваць у госьпіс, які знаходзіцца ў Гдыні, усе пацыенты там палякі. Гэта цалкам дабрачынна, я не атрымліваю заробку. У мяне ёсьць душэўная патрэба штосьці рабіць для людзей, якім яшчэ горш, чым мне. Я спрабую гэтым людзям дапамагчы, падбадзёрыць іх, і я ад гэтага сама псыхалягічны трымаюся на плаве. Гэта цікавы досьвед, там я размаўляю па-польску, гэта даволі забаўна, усіх весяліць. Такая ў мяне цяпер дабрачынная праца.

Ніка Сандрас падчас працы ў польскім госьпісе
Ніка Сандрас падчас працы ў польскім госьпісе

— Але праца ў госьпісе маральна вельмі цяжкая. Як я зразумела з вашых допісаў у фэйсбуку, пацыенты адыходзяць, днямі памерла ваша любімая вучаніца...

— Калі я туды прыйшла, мы размаўлялі з супрацоўніцай госьпісу, яна мяне папярэджвала, што пацыенты могуць адысьці ў любы момант, трэба быць гатовым да гэтага. Я сама нядаўна выпісалася са шпіталя, куды трапіла з кровазьліцьцём. Я павінна была памерці, але выжыла. Сказала, што мне гэта зразумела, я стаўлюся да сьмерці даволі спакойна. Але мне гэта праца зараз патрэбная.

Сёньня раніцай мы абмяркоўвалі з маім мужам Эндру (бо езьдзім туды разам), што Эла адышла. Можа быць, у наступны аўторак, калі мы туды паедзем, з нашай групы застанецца толькі адзін чалавек. І мы ўсё адно паедзем туды. Мы будзем езьдзіць у госьпіс нават дзеля аднаго чалавека. І гэта ўсё мне кожны дзень нагадвае пра каштоўнасьць часу, жыцьця. Я зараз пайду на рынак, мне трэба купіць гародніну і кветкі, паставіць у вазы...

Кожны мой рух, кожная справа, кожная раніца — яны маюць такую каштоўнасьць для мяне! Я заўважаю плынь часу, я не хачу губляць ніводнай сэкунды, не хачу неасэнсавана марнаваць час, я хачу ўсё цаніць, праводзіць час зь людзьмі, разумець іх, падтрымліваць.

Малюнак Нікі Сандрас
Малюнак Нікі Сандрас

«Цяжка толькі тым, хто сёньня сядзіць за кратамі»

— Вы перажылі арышт мужа, перажылі цяжкую хваробу. Як зьмянілі вас гэтыя выпрабаваньні?

— Вось вы задавалі пытаньне, ці цяжка на новым месцы ўладкоўвацца, будаваць новае жыцьцё. Пасьля досьведу зь СІЗА і з усім астатнім, што з намі адбылося, так цудоўна будаваць жыцьцё на новым месцы! Усё цяжкасьці мной цяпер успрымаюцца іначай. Я магу, вядома, пабурчаць, магу засмуціцца, але разумею, што ўсе гэтыя расчараваньні цяпер плаваюць у вялізным моры радасьці ад таго, што ты маеш магчымасьць гэтыя цяжкасьці пераадольваць.

Я ўдзячная кожнаму дню, што ў мяне ёсьць сілы і час гэтыя праблемы пераадольваць. І наагул, я стала меней катэгарычная ў адносінах да іншых. Я стала разумець людзей! Напрыклад, і тых, хто зьехалі, і тых, хто засталіся, бо паміж імі пастаянна ўзьнікаюць нейкія канфлікты, узаемныя папрокі: «Вы нас не разумееце, мы засталіся, а вы зьехалі». Я ўсіх разумею. Я хачу з усімі падзяліцца падтрымкай, добрым словам, парадай, дапамогай, грашыма, урокамі маляваньня, чымсьці прыгожым, таму што сэнс свабоды і наагул жыцьця — каб падтрымліваць адзін аднаго. Яшчэ, напэўна, ёсьць сэнс у нараджэньні дзетак, але ў мяне пакуль дзяцей няма. Таму мой сэнс — знаходзіць людзей і падтрымліваць, і паказваць, што ўсё магчыма, усе цяжкасьці можна пераадолець, усё цудоўна.

Цяжка толькі тым, хто сёньня сядзіць за кратамі, хто ня мае свабоды. Усім іншым, калі людзі здаровыя, ня можа быць цяжка.

Малюнак Нікі Сандрас
Малюнак Нікі Сандрас

«Я глыбока ўзрушаная шпіталем, лекарамі, стаўленьнем да пацыентаў»

— Вашы ўражаньні ад мэдыцыны ў Польшчы. Беларусы наракаюць, што вельмі цяжка трапіць на прыём да вузкага спэцыяліста, даводзіцца чакаць паўгода.

— Так, вельмі цяжка запісацца на прыём да лекара. Мне трэба было зрабіць паўторныя абсьледаваньні, тамаграфію, каб зразумець, у якім стане тое месца, дзе здарылася кровазьліцьцё. Я прайшла тамограф, і трэба было 6 тыдняў чакаць выніку. А калі я праз 6, альбо 7, альбо 8 тыдняў атрымаю вынік, мне давядзецца запісацца да лекара і яшчэ некалькі тыдняў чакаць прыёму. Платныя клінікі таксама з чэргамі, плюс гэта вельмі дорага. Я не зусім яшчэ разабралася з мэдычнымі паслугамі, але я зразумела, што ўсё робіцца вельмі доўга.

Але калі табе сапраўды дрэнна, выратуюць вельмі хутка. Ужо пасьля выпіскі са шпіталя мне было кепска і я выклікала хуткую дапамогу. Я гатова гэтых лекараў абдымаць, як коцікаў, цалаваць, бо яны такія ветлівыя, мілыя! У іх ёсьць усё сучаснае абсталяваньне. Яны прапануюць адвезьці ў шпіталь, «але калі вы ня хочаце, а потым перадумаеце, мы зноў прыедзем і адвязём».

А сам шпіталь — гэта проста надзвычайнае месца! Я плакала кожны дзень не ад таго, што мне кепска, а ад стаўленьня да мяне пэрсаналу, была ўзрушаная да глыбіні душы. Калі мяне прывезьлі на «хуткай» у шпіталь, побач 24 гадзіны кожны дзень сядзеў мэдык і сачыў за маімі паказчыкамі на маніторы. Я толькі гук падам, да мяне бягуць. Інакш, як «анёльчык» і «Нікуську», да мяне не зьвярталіся. Увечары прыходзіла мэдсястра і зычыла мне «каляровых сноў».

Я ляжала ў аддзяленьні, якое называлася «нэўралёгія ўдарова» (інсультная рэанімацыя). Са мной у палаце ляжалі жанчыны ў коме, толькі я адна была ў прытомнасьці. Апошнія дні я правяла ў звычайным аддзяленьні. Невялікая палата, душ, прыбіральня. Мяне ўразіла, што ў кожнага свой куточак завешаны, асобная прастора, палічкі для касмэтыкі, лядоўня, лямпа, гарбата, сурвэтачкі. Раніцай мэдсястра мне прыносіць кубачак кавы з шакалядкай. Я кажу: «Мне, напэўна, нельга». Мэдсястра кажа: «Я запыталася ў доктара, можна». Я глыбока ўзрушаная шпіталем, лекарамі, стаўленьнем да пацыентаў. Я ведаю, што мяне выратуюць!

Малюнак Нікі Сандрас
Малюнак Нікі Сандрас

«Хачу мець магчымасьць жыць на дзьве краіны: зноў адкрыць дзіцячую студыю ў Беларусі»

— Ці чытаеце навіны з радзімы? Як там выжываць беларусам?

— Я лічу, што зараз беларусам час клапаціцца пра свой фізычны і псыхалягічны стан. Час для радасьці прыйдзе. І галоўнае так пражыць час, калі у вас цяжкасьці і гора, каб потым хапіла здароўя на радасьць. Людзі не заўважаюць, як страчваюць здароўе. Я не кажу пра тых, хто ў турме. Я гавару пра тых, хто ў Беларусі. Час для радасьці, свабоды, працы прыйдзе. І зараз трэба захаваць сябе, каб хапіла здароўя і сіл на радасьць.

Малюнак Нікі Сандрас
Малюнак Нікі Сандрас

— Многія беларусы вымушаны былі выехаць з краіны. Яны і іхныя дзеці інтэгруюцца ў новых краінах. Ці вернуцца яны, калі ў Беларусі адбудуцца перамены? Або Беларусь страціла людзей, якія зьехалі?

— Сярод маіх знаёмых большасьць хоча вярнуцца. Людзі жывуць ужо па 2-3 гады, не купляючы сабе лішняй патэльні, таму што яны мараць вярнуцца дадому. Яны зарабляюць, яны катаюцца на яхтах, яны вандруюць, але яны ня дома. Я ведаю вялізную колькасьць людзей, якія дакладна вернуцца.

Я, магчыма, не вярнуся назаўсёды. Але я хачу мець магчымасьць жыць на дзьве краіны: зноў адкрыць дзіцячую студыю ў Беларусі, прыяжджаць, працаваць там. Буду туды-сюды езьдзіць. А немагчымасьць зараз прыехаць у Менск мяне вельмі грызе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG