На фатаздымках, апублікаваных газэтай «Гомельская праўда», бачна, што некаторыя падлеткі, якія прысутнічалі на «прафіляктычным сходзе», плакалі.
Падлеткам спачатку паказалі «тэматычныя фільмы», а пасьля ў залю завялі непаўналетняга хлопца ў кайданках. Гэта былы навучэнец аднаго з каледжаў Гомля. Нядаўна яго адлічылі, ён адвучыўся ўсяго два курсы. Арыштаваны зьвярнуўся да аднагодкаў і парэкамэндаваў ім ніколі ня зьвязваць сваё жыцьцё з наркотыкамі.
Гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту завёў супраць яго крымінальную справу па частках 1 і 3 артыкула 328 КК Беларусі. Яго падазраюць у незаконным абароце наркотыкаў.
Сьледзтва хадайнічала аб абраньні меры стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту. Намесьнік пракурора Гомля Віталь Савянчук зазначыў, што пракуратура дала на гэта згоду.
Сілавікі арыштавалі хлопца ў актавай залі РАУС Цэнтральнага раёну Гомля на вачах ў ягоных аднагодкаў. Як можна ўбачыць на апублікаваных фатаздымках, некаторыя з падлеткаў, якія прысутнічалі там, плакалі.