Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтцы з «тэрарыстычнага сьпісу» прысудзілі 6,5 года зьняволеньня за антываенны пост


Данута Перадня. Фота з сайту Вясны spring96.
Данута Перадня. Фота з сайту Вясны spring96.

Тэлеграм-канал MAYDAY паведамляе, што 1 ліпеня суд Кіраўскага раёну пакараў студэнтку з Качэрычаў (Кіраўску) Дануту Перадню шасьцю з паловай гадамі калёніі агульнага рэжыму.

Дзяўчыну абвінавацілі ў «дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК) і ў «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).

20-гадовую студэнтку Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Дануту Перадню затрымалі 28 лютага 2022 году, калі яна прыехала на маршрутцы з Качэрычаў у Магілёў.

Паводле MAYDAY TEAM, у віну дзяўчыне паставілі тое, што яна 27 лютага перапосьціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст з рэзкай крытыкай Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі за вайну супраць Украіны. Таксама там заклікалі да вулічных выступаў і пісалі пра тое, што беларуская армія ня мае пэрспэктывы, калі наўпрост уступіць у вайну.

10 чэрвеня Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ўнёс Дануту Перадню ў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Паводле MAYDAY, Перадня была студэнткай-выдатніцай і мела ад пэдагогаў толькі станоўчыя характарыстыкі. Аднак адразу пасьля завядзеньня крымінальнай справы яе адлічылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG