Неабходнасьць стварэньня ў Беларусі Галоўнай вайсковай пракуратуры «абумоўлена абстаноўкай, якая склалася вакол нашай краіны», заявіў генэральны пракурор Андрэй Швед па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Швед расказаў, што беларуская вайсковая пракуратура была ліквідаваная ў 2014 годзе, і «тады ў сьвеце была зусім іншая сытуацыя, у тым ліку ў вайсковым пляне».
«Гаворка ідзе не пра аднаўленьне ў тым вобразе або абліччы, што было, а пра стварэньне Галоўнай вайсковай пракуратуры ва ўсечаным варыянце, колькасьцю ў некалькі разоў меншай, чым Беларуская вайсковая пракуратура. Рашэньне будзе прынята толькі па выніках дадатковай нарады ў кіраўніка дзяржавы», — сказаў Швед.
На сустрэчы са Шведам Лукашэнка заявіў, што неабходна «ўзмацняць кантроль за выкананьнем заканадаўства сярод вайскоўцаў».
«Я вам пра гэта ўжо казаў, што пракуратура крыху адхілілася ад сілавога блёку ў свой час», — сказаў Лукашэнка. Ён дадаў, што «размова ня толькі пра армію, бо пагоны носяць і ў многіх іншых сілавых структурах, уключаючы МНС, МУС, КДБ.
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і распачатых на гэтай хвалі масавых пратэстаў Генэральная пракуратура стала адным з флягманаў дзяржаўнага рэпрэсіўнага апарату, у тым ліку «ў заканатворчай частцы».