У той дзень сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Канфіскавалі тэхніку.
У той жа дзень адбыліся ператрусы ў журналістаў Свабоды, «Белсат», шэрагу фрылянсэраў і карэспандэнтаў іншых незалежных выданьняў. Сілавікі вымалі тэхніку, а некаторых журналістаў затрымлівалі. З многімі на доўгія гадзіны абарвалася сувязь.
Сьледчы камітэт тады заявіў, што атрымаў інфармацыю пра быццам бы датычнасьць шэрагу НДА і СМІ да ценявога руху фінансавых сродкаў.
Тыя ператрусы адбыліся пасьля словаў тагачаснага міністра замежных спраў Уладзімера Макея, які папярэджваў, што ў адказ на пашырэньне заходніх санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня ў Беларусі зьнікне грамадзянская супольнасьць.
Падзеі 16 ліпеня 2021 году фактычна прадвызначылі лёс многіх беларускіх рэдакцый — неўзабаве яны канчаткова пераехалі за мяжу.
На гэты момант за кратамі знаходзяцца больш за 30 журналістаў беларускіх незалежных СМІ, у тым ліку журналісты Радыё Свабода Ігар Лосік і Андрэй Кузьнечык.