«Мяне ў крытыку штурхае цяжкая доля чытача беларускай літаратуры»
— Калісьці між беларускіх літаратараў хадзіла показка, што ў крытыкі перакваліфікоўваюцца няўдалыя паэты і празаікі. У вашым выпадку выглядае, што рэцэнзэнткаю вам заманулася стаць, прамінуўшы вершы і раманы. Ці так гэта? І чым вас прывабіла іпастась літаратурнага крытыка?
— Думаю, што зь няўдалых паэтаў і празаікаў атрымліваюцца найгоршыя крытыкі, бо няма крыжа цяжэйшага за крыж нерэалізаваных творчых амбіцый.
Калі паглядзець на беларускую крытыку ў гістарычнай пэрспэктыве, дык найлепшымі крытыкамі ў нас былі альбо сапраўды прызнаныя аўтары (Максім Багдановіч, прыкладам), альбо тыя, хто адпачатку абіраў менавіта гэты шлях (назаву двух сваіх улюбёнцаў — Адама Бабарэку і Антона Адамовіча, якіх лічу заснавальнікамі новай беларускай літаратурнай крытыкі; на жаль, іх традыцыя ня надта прыжылася ў нашым літпрацэсе). Мяне ж у крытыку штурхае найперш цяжкая доля чытача беларускай літаратуры. Хацелася б мець магчымасьць чытаць і вялікія крытычныя разборы літаратуры за год, і агляды прэміяльных сьпісаў, і нейкія правакатыўныя, але шляхетныя тэксты пра літаратурныя навінкі, і паведамленьні пра тэксты ранейшыя, але незаўважаныя.
Я шмат разважала над тым, якая крытыка была б мне даспадобы як патрабавальнаму чытачу — і пакрысе захацелася рабіць нешта такое самой. Чым чакаць ад кагосьці, пакуль гэты хтосьці зробіць табе добра — прасьцей зрабіць самой. Так, я разумею, што гэта шлях даволі вузкі і не абяцае нейкай там літаратурнай славы — я да яе не імкнуся, мне проста хочацца рэфлексаваць над прачытаным у больш ці менш прафэсійным ключы і дзяліцца вынікамі гэтай рэфлексіі зь няхай сабе вузкім, але роўным мне па думках колам беларускіх падрыхтаваных чытачоў. Я пішу менавіта «падрыхтаваных» — то бок тых, хто не патрабуе ад літаратуры адно пакручастага сюжэту альбо актуальнай тэматыкі, а хто чакае адпаведнага слова, вобраза, хто сочыць за тэндэнцыямі, хто валодае хаця б нейкім разуменьнем літаратурнага працэсу, з кім было б цікава абмеркаваць ці паспрачацца з выкарыстаньнем хаця б мінімальнага філялягічнага інструмэнтарыю.
«Знаходжаньне ў іншай краіне дае мне магчымасьць пазбавіцца чалавечых сымпатый, прыхільнасьцяў альбо ўплыву публічнага вобразу чалавека»
— Вы цяпер жывяце за тысячы кілямэтраў ад радзімы. Як да вас трапляюць беларускія кніжкі празь Вялікую кітайскую сьцяну?
— Па-рознаму. Некаторыя кніжкі прывозяць рэдкія знаёмыя. Так да мяне, прыкладам, трапіла калядная казка Антона Францішка Брыля. Некаторыя я замаўляю поштай, калі кніга выйшла ў Эўропе. Было такое, што кнігі набывалі ў Беларусі, а перасылалі мне зь Вільні. Далібог, можна напісаць асобны тэкст пра пакручастыя шляхі маёй бібліятэкі. Што магу, чытаю ў электронным выглядзе ці слухаю аўдыё, здараецца здабыць партызанскімі шляхамі і пэдээфкі. Насамрэч цяпер для чытача шмат магчымасьцяў быць «у тэме».
А яшчэ знаходжаньне ў іншай краіне, тым больш такой «іншай», як Кітай, дае мне магчымасьць глядзець на працэс збоку, а не знутры, пазбавіцца нейкіх чалавечых сымпатый, прыхільнасьцяў альбо ўплыву публічнага вобразу чалавека. Я жыву даволі закрытым і, сказаць па праўдзе, адзінокім жыцьцём — я і кнігі. Спадзяюся, гэта ня будзе цягнуцца вечна, але пакуль цягнецца — я імкнуся выкарыстаць такі стан для таго, каб спрабаваць быць аб’ектыўнай.
«У мяне няма сяброў-пісьменьнікаў ці, крый божа, пісьменьнікаў-сваякоў»
— А як вы выбіраеце творы для свайго, скажам так, адмыслова паглыбленага чытаньня? Якія першачарговыя мэты пры гэтым ставіце: падтрымаць, пахваліўшы? Спыніць, зганіўшы? І першае, і другое можна ж прымяніць, у прынцыпе, да любога твора. Ці ня так?
— Гэта вельмі важнае для мяне пытаньне. Калі я разважала над сваёй стылістыкай, я шмат думала пра тое, якую мэту паставіць перад сабой і як быць з тым, што крытыка ў нас альбо хваліць, альбо ганіць. Мне б хацелася адысьці ад традыцыі ацэньваць твор у парадыгме «добры-дрэнны». Любы твор — гэта адлюстраваньне часу, эпохі, агульнага адчуваньня, ён так ці іначай убудоўваецца і сынхранічна, і дыяхранічна ў літаратуру, пра любы твор ёсьць што сказаць, а празь яго — сказаць і пра час, і пра тэндэнцыі, і пра мінулае, і пра будучыню. Дарэчы, я не адзінокая ў сваіх разважаньнях пра крытыку без ацэнкі, нешта падобнае я ўжо сустракала ў інтэрвію беларускіх літаратараў, такія пажаданьні да крытыкі. І мне падабаецца, што гэтая плынь чаканьня фармуецца так, што я са сваімі поглядамі трапляю ў яе.
Мне падаецца, дарэчы, што менавіта такой была крытыка Багдановіча і раньніх крытыкаў пэрыяду беларусізацыі, пакуль яны не пачалі скочвацца ў літаратурную барацьбу і, адпаведна, у вульгаршчыну. Заўважыць, адзначыць, знайсьці адметнае, зразумець правілы асобнай пісьменьніцкай гульні — вось што мне цікава. А «замачыць» кагосьці ці, наадварот, узьнесьці — гэта такі танны варыянт крытыкі, на жаль, агульнапрыняты ў нас. Мне б не хацелася рабіць таннае.
І зноў жа, добра, што я зусім не інтэграваная ў пісьменьніцкія колы. У мяне няма сяброў-пісьменьнікаў ці, крый божа, пісьменьнікаў-сваякоў. А гэта азначае, што я пазбаўленая чалавечых абавязкаў перад кімсьці і магу імкнуцца да аб’ектыўнасьці.
Тэксты для рэцэнзій я атрымліваю ад рэдакцыі «Таўбіна» і пішу на іх замову — гэта таксама мая сьвядомая пазыцыя, каб адабраць у сябе магчымасьць быць перадузятай, нават на стадыі адбору кніг.
«Крытыкі таксама маюць амбіцыі»
— Прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Джым Дынглі, які шмат перакладае беларускай літаратуры на ангельскую мову, сказаў нядаўна, што для прасоўваньня любога твора на чытацкі рынак павінны быць як найменей два чыньнікі: актыўны выдавец і добры рэцэнзэнт ва ўплывовым выданьні. Так ёсьць ва ўсім сьвеце, калі буйныя шматтыражныя газэты штотыдзень зьмяшчаюць вялікія рэцэнзіі на літаратурныя навінкі. Што вы думаеце наконт гэтага? Ці ўплываюць рэцэнзіі на папулярызацыю рэцэнзаванай кнігі? Што паказвае ваш досьвед?
— Думаю, так, уплывае, і моцна. Але толькі тады, калі ў крытыка ёсьць імя, рэпутацыя і адпаведнае ўплывовае выданьне. Я толькі на пачатку гэтага шляху, але гэта мая мара — калі-небудзь вырасьці ў такога крытыка. Крытыкі таксама маюць амбіцыі.
Але існуе іншая небясьпека — камэрцыялізацыя крытыкі. На жаль, агулам крытыка, эўрапейская, амэрыканская, тая кітайская, якую я магу чытаць, пакуль не зусім валодаю мовай, падаецца мне якраз хворай на, так бы мовіць, грашовую суб’ектыўнасьць. Вобмаль харошай крытыкі ў сьвеце, альбо я пакуль што не трапляю на сапраўды аб’ектыўныя тэксты і ня маю магчымасьці паўнавартасна ацэньваць стан гэта жанру ў іншых краінах.
«Стаўленьне да чытачоў як да „насельніцтва“, якому трэба з вышыні загадаць, хто ў нас геній, а хто графаман, — гэта хвароба, роўная агульнай хваробе беларускага грамадзтва»
— Цяпер у Беларусі амаль ніхто не рэцэнзуе новыя кнігі. Больш за тое, фактычна зьнік наогул прафэсійны цэх літаратурнай крытыкі. Як на вашую думку, чаму так сталася? Чаму голас літаратара перастаў адгукацца рэхам голасу рэцэнзэнта? І што будзе ў такім разе зь беларускай літаратурай, калі вакол яе навінак — цішыня, як у пустцы?
— Я думаю, што заняпад беларускай прафэсійнай крытыкі якраз і тлумачыцца пустэчай крытычных мэтаў. Прасунуць свайго, зганіць чужога. Ухваліць тое, што суб’ектыўна падабаецца, зганіць тое, што суб’ектыўна не даспадобы, — гэта цяжкая спадчына савецкай крытыкі, і цяперашнія маладыя крытыкі і крытыкесы, баюся, нават не ўсьведамляюць, што яны нашчадкі менавіта савецкага варыянту і савецкага разуменьня ролі літаратурнага крытыка. Рана ці позна, але такая крытыка, якая абслугоўвае нечыя густы ці нейкую сяброўскую супольнасьць, непазьбежна канае, бо чытач — ня дурань, і бачыць, канечне, перадузятасьць і нелітаратурныя мэты.
Мне падаецца, беларускія крытыкі яшчэ не зжылі такое таталітарнае мысьленьне ў сабе: будзеце чытаць, каго я скажу, і нікога больш. Не. Трэба даць чытачу магчымасьць убачыць, заўважыць, зьмясьціць у нейкую матрыцу, парадыгму, задаць пытаньне, прапанаваць магчымы ключык — а далей няхай чытач вырашае сам. Стаўленьне да чытачоў як да «насельніцтва», якому трэба з вышыні загадаць, хто ў нас геній, а хто графаман, — гэта хвароба, роўная агульнай хваробе беларускага грамадзтва.
Але ўсе мы цяпер ляцім да зор у чорным халодным космасе пераменаў. Дык безумоўна, што і крытыка сьледам за людзьмі пераменіцца. Думаю, да лепшага.