Юн Сок Ёль і ягоная жонка пабывалі ў Бучы і Ірпені ў Кіеўскай вобласьці. У гэтых гарадах пасьля адыходу расейскіх войскаў былі зафіксаваныя выпадкі масавых забойстваў мірнага насельніцтва, пасьля якіх Расею сталі вінаваціць у ваенных злачынствах. Масква абвінавачваньні абвяргае.
У Кіеве Юн Сок Ёль плянуе наведаць мэмарыял загінулым воінам і правесьці перамовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Сэул не пастаўляе Кіеву зброю, але надае гуманітарную і эканамічную падтрымку. Нядаўна паведамлялі пра адпраўку Ўкраіне абсталяваньня для разьмінаваньня тэрыторый. Акрамя таго, Паўднёвая Карэя будзе ўдзельнічаць у праца фонду NATO, прызначанага для падтрымкі Ўкраіны.
- Увесну Юн Сок Ёль сказаў, што яго краіна можа пачаць пастаўкі ўзбраеньня Ўкраіне, калі для мірнага насельніцтва ўзьнікне сур’ёзная пагроза. У МЗС Расеі ў адказ заявілі, што Масква можа ўлічыць пастаўкі ўзбраеньня з боку Паўднёвай Карэі ў сваім падыходзе да ўрэгуляваньня сытуацыі на Карэйскім паўвостраве.
- Выданьне Nikkei Asia паведамляла ў траўні, што кіроўны паўднёвакарэйскі вытворца боепрыпасаў Poongsan на 77% павялічыў экспарт сваёй прадукцыі ў першым квартале 2023 году. Пастаўкі ішлі пераважна ў Эўразьвяз, у прыватнасьці ў Польшчу. Аналітыкі Nikkei мяркуюць, што рост зьвязаны з узьніклым у Эўропе дэфіцытам боепрыпасаў з прычыны маштабных паставак Украіне.