Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні пачаўся саміт NATO. Чакаецца, што лідэры краін альянсу ўхваляць рашэньні аб Украіне і Беларусі


Удзельнікі саміту NATO. Вільня, 11 ліпеня 2023
Удзельнікі саміту NATO. Вільня, 11 ліпеня 2023

Пытаньне аб сытуацыі ў Беларусі і яе ўплыве на бясьпеку ў рэгіёне будзе разглядацца па-за праграмай.

У Вільні 11 ліпеня пачаўся двухдзённы саміт Паўночнаатлянтычнага альянсу, на якім маюць ухваліць рашэньне аб украінскім шляху да NATO, а таксама адрэагаваць на разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, адкрываючы саміт, павіншаваў Фінляндыю з уступам у альянс і Швэцыю з набліжэньнем да сяброўства ў NATO.

«Сёньня мы будзем ухваляць рашэньні, накіраваныя на ўмацаваньне бясьпекі альянсу, мы павялічым нашу практычную і палітычную падтрымку Ўкраіны, гэта наблізіць Украіну да NATO, бо ейнае месца ў NATO. Мы таксама зробім рашучыя крокі па далейшым умацаваньні нашай абароны і стрымліваньні, уключаючы новыя пляны і сілы абароны эўраатлянтычнага рэгіёну і больш амбітныя абавязаньні па інвэстыцыях у абарону», — заявіў Енс Столтэнбэрг.

Енс Столтэнбэрг. Вільня, 11 ліпеня 2023
Енс Столтэнбэрг. Вільня, 11 ліпеня 2023

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, вітаючы ўдзельнікаў саміту, заклікаў усіх да адзінства і салідарнасьці.

«Літва — гэта тая краіна, у якой дзейнічае прынцып «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Сёньня Расея разьвязала жорсткую вайну супраць сувэрэннай і незалежнай Украіны, зусім побач з NATO. Хаўрусьнікі сустракаюцца тут, каб прадэманстраваць важнасьць калектыўнай салідарнасьці і абароны. Сабраліся тут, каб ухваліць рашэньне, як умацаваць нашу бясьпеку, як дапамагчы Ўкраіне перамагчы і як падтрымаць нашых партнэраў у іншых рэгіёнах. Адзінства, салідарнасьць і трансатлянтычныя сувязі. Усё гэта — аснова нашага посьпеху», — заявіў Гітанас Наўседа.

Гітанас Наўседа
Гітанас Наўседа

Чакаецца, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прыедзе на саміт 11 ліпеня, тут ён сустрэнецца з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Прэзыдэнт ЗША прыбыў на саміт у Вільню. 10 ліпеня
Прэзыдэнт ЗША прыбыў на саміт у Вільню. 10 ліпеня

Напярэдадні ў сваім звароце да ўкраінскага народу Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ад Украіны залежыць бясьпека на ўсходнім флянгу NATO, і падзякаваў краінам, якія падтрымліваюць уступ Украіны ў альянс.

«Усе ўсё разумеюць. Кожны лідэр, кожная дзяржава. Нават калі агучваюцца розныя пазыцыі, усё ж відавочна, што Ўкраіна заслугоўвае быць у альянсе. Ня зараз — цяпер вайна, але нам патрэбен дакладны сыгнал. І сыгнал патрэбен менавіта цяпер», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

За некалькі хвілін да пачатку саміту NATO прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў абсурдным абмяркоўваць шлях Украіны ў альянс без Украіны.

«Зараз, на шляху да Вільні, мы атрымалі сыгналы аб тым, што абмяркоўваецца фармулёўка без Украіны. І я хачу падкрэсьліць: гэта фармулёўка толькі наконт запрашэньня, а не наконт сяброўства Ўкраіны. Беспрэцэдэнтна і абсурдна — калі няма ніводных часавых рамак і для запрашэньня, і для сяброўства Ўкраіны, і калі дадаецца нейкая дзіўная фармулёўка аб „умовах“ нават для запрашэньня Ўкраіны», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале. Паводле яго, гэта можа сьведчыць пра адсутнасьць гатоўнасьці запрашаць Украіну да сяброўства ў NATO.

«А значыць, застаецца магчымасьць таргавацца сяброўствам Украіны ў NATO у перамовах з Расеяй. А для Расеі гэта азначае матывацыю і далей працягваць свой тэрор. Нявызначанасьць — гэта слабасьць», — заявіў украінскі прэзыдэнт.

Народны дэпутат Украіны Аляксей Ганчарэнка паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што на форуме запытаўся ў генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга, ці атрымае Ўкраіна запрашэньне ў альянс на цяперашнім саміце.

І на гэтае пытаньне атрымаў адказ, што ў выніковым дакумэнце будзе «пазытыўны і моцны сыгнал для Ўкраіны, і гэта дакладна дапаможа на шляху да сяброўства».

Як заявіў у інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл, Украіна можа атрымаць гарантыі, якія будуць «нечым сярэднім» паміж ранейшымі гарантыямі NATO Фінляндыі і Ізраілю.

Інсталяцыя ў Вільні ў падтрымку сяброўства Ўкраіны ў NATO
Інсталяцыя ў Вільні ў падтрымку сяброўства Ўкраіны ў NATO

Беларускае пытаньне на саміце

Пытаньне аб сытуацыі ў Беларусі і яе ўплыве на бясьпеку ў рэгіёне будзе разглядацца па-за асноўнай праграмай саміту. А 10-й раніцы 11 ліпеня адбудзецца дыскусія на тэму «Сувэрэнітэт Беларусі і трансатлянтычная бясьпека», а 15-й гадзіне 12 ліпеня — на тэму «Разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі і наступствы для рэгіянальнай бясьпекі».

«Гістарычны саміт NATO за 25 кілямэтраў ад Беларусі ня можа ігнараваць ролю нашай краіны ў рэгіянальнай бясьпецы. Нам патрэбна дакладная прыхільнасьць сувэрэнітэту і дэмакратыі Беларусі, гатоўнасьць супрацьстаяць пагрозам рэжыму, патрабаваньне поўнага вываду расейскіх войскаў, ядзернай зброі і бандытаў Прыгожына», — напісала дэмакратычны лідэр Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў Twitter.

Сьвятлана Ціханоўская і сэнатары ЗША сустракаюцца напярэдадні саміту NATO. Вільня, 10 ліпеня 2023
Сьвятлана Ціханоўская і сэнатары ЗША сустракаюцца напярэдадні саміту NATO. Вільня, 10 ліпеня 2023

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG