Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 10 ліпеня: у Магілёве затрымалі журналіста


Дзьмітры Ляпейка
Дзьмітры Ляпейка

У Беларусі не спыняецца перасьлед грамадзян.

Затрымалі вядомага магілёўскага журналіста

Крыніцы mogilev.media паведамілі пра арышт на 15 дзён магілёўскага актывіста і журналіста Дзьмітрыя Ляпейкі.

Папярэдне вядома, што затрыманьне адбылося перад выходнымі, а прычынай сталі «падпіскі і падабайкі».

Дзьмітры Ляпейка да лета 2020 году супрацоўнічаў з выданьнем «Магілёўскія ведамасьці», потым заняўся фрылансам. Ён актыўна ўдзельнічаў у дзейнасьці магілёўскага Цэнтру гарадзкіх ініцыятыў, быў мадэратарам шматлікіх сустрэч.

Сілавікі затрымалі сваякоў беларуса, падазраванага ў абліцьці фарбай машыны Z-актывіста

Нядаўна невядомы абліў фарбай аўтамабіль прарасейскага актывіста Сяргея Юдаева ў Наваполацку ў Беларусі. Па падазрэньні ў гэтым мясцовыя сілавікі раней затрымалі 53-гадовага Ілью Двойрына, грузчыка з «Нафтану».

Як высьветлілі журналісты «Эўрарадыё», за некалькі дзён да інцыдэнту ўладальнік машыны і падазраваны пасварыліся на дарозе. Па дадзеных выданьня, Юдаеў быў за рулём нецьвярозы. Двойрын зрабіў яму заўвагу.

Пасьля гэтага Юдаеў запісаў нумар машыны і ўспомніў пра гэты інцыдэнт, калі ўбачыў сваю машыну, аблітую фарбай.

Па зьвестках праваабаронцаў, цяпер сілавікі ціснуць на Двойрына псыхалягічна. У прыватнасьці, яны затрымалі ягонага сына Дзьмітрыя, нявестку Вікторыю, жонку і брата.

У Горадні асудзілі заснавальніка этнакрамы «Цудоўня» Андрэя Несьцяровіча

Вырак палітвязьню Андрэю Несьцяровічу агучылі на мінулым тыдні ў судзе Ленінскага раёну Горадні. Паводле інфармацыі Hrodna.life, яго асудзілі на 1 год «хатняй хіміі» альбо на пакараньне з адтэрміноўкай выкананьня.

Судзілі Несьцяровіча па арт. 295 ч. 2 КК «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Абставіны справы невядомыя.

Андрэя Несьцяровіча затрымалі 14 красавіка і арыштавалі на 10 сутак паводле арт. 19.11 КаАП «Распаўсюджваньне, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць». Пазьней яго арыштавалі на трое сутак па крымінальным артыкуле — па якім, не ўдакладнялі. Потым ён выйшаў на волю.

Горадзенскую этнакраму«Цудоўня» заснавалі ў 2015 годзе. Пасьля выбараў 2020 году краму аштрафавалі і пазбавілі памяшканьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG