Суд у Берагавым Закарпацкай вобласьці аштрафаваў двух грамадзян Беларусі, мужа і жонку, якіх 18 красавіка затрымалі супрацоўнікі мясцовага ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны за распаўсюд інфармацыі, накіраванай на дыскрэдытацыю сіл абароны і распальваньне антысэміцкіх настрояў у рэгіёне.
Паводле абвінавачаньня, беларусам пагражала пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў. Каб яго пазьбегнуць яны пайшлі на зьдзелку са сьледзтвам і прызналі сваю віну.
Суд абвясьціў вырак 29 чэрвеня, але толькі цяпер яго апублікавалі.
Суд прызначыў ім максымальны штраф, прадугледжаны ч. 1 артыкула 161 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (распальваньне нацыянальнай, рэгіянальнай, расавай ці рэлігійнай варожасьці і нянавісьці), — кожнаму па 8500 грыўняў (прыблізна 230 даляраў у эквіваленце. — РС).
Служба бясьпекі Ўкраіны 18 красавіка паведаміла аб выкрыцьці ў Закарпацкай вобласьці «мужа і жонкі, беларускіх інтэрнэт-агітатараў, якія хацелі дэстабілізаваць сытуацыю ў Закарпацьці».
У СБУ сьцьвярджалі, што ў 2013 годзе абое ўступілі ў фіктыўныя шлюбы з украінскімі грамадзянамі, каб легалізавацца ва Ўкраіне і атрымаць дазвол на жыхарства. Беларусы нібыта стварылі ў сацыяльных сетках некалькі прапагандысцкіх старонак, якія выкарыстоўвалі «для дыскрэдытацыі органаў дзяржаўнай улады, Сіл абароны і распальваньня антысэміцкіх настрояў».