Упраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны ў Закарпацкай вобласьці выкрыла «мужа і жонку, беларускіх інтэрнэт-агітатараў, якія хацелі дэстабілізаваць сытуацыю ў Закарпацьці» пры дапамозе распаўсюду інфармацыі, накіраванай на дыскрэдытацыю сіл абароны і распальваньне антысэміцкіх настрояў у рэгіёне.
«Абое — муж і жонка — грамадзяне Беларусі. У 2013 годзе яны ўступілі ў фіктыўныя шлюбы з украінскімі грамадзянамі і такім чынам атрымалі дазвол на жыхарства ва Ўкраіне», — паведамілі ва ўпраўленьні СБУ ў Закарпацкай вобласьці.
Паводле СБУ, грамадзяне Беларусі стварылі некалькі прапагандысцкіх старонак у сацыяльных сетках, якія выкарыстоўвалі «для дыскрэдытацыі органаў дзяржаўнай улады, Сіл абароны і распальваньня антысэміцкіх настрояў».
«Сваімі дзеяньнямі сужэнцы намагаліся дэстабілізаваць унутрана-палітычную сытуацыю на Закарпацьці», — адзначаецца ў паведамленьні.
Па месцы пражываньня беларускай сям’і правялі ператрус і забралі кампутарную тэхніку і сродкі сувязі з доказамі злачыннай дзейнасьці.
На падставе сабраных доказаў ім паведамілі аб падазрэньні паводле ч. 1 артыкулу 161 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (распальваньне нацыянальнай, рэгіянальнай, расавай ці рэлігийнай варожасьці і нянавісьці), што караецца штрафам у памеры ад 3400 да 8500 грыўняў (90-230 даляраў. — РС) або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў з пазбаўленьнем на тры гады права займаць адказныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.
У паведамленьні не ўдакладняецца, дзе пражывалі беларусы. Імаверна, што гэта адбылося ў горадзе Берагава, паколькі ў дакумэнтаваньні ўдзельнічалі сьледчыя Берагоўскай паліцыі і гарадзкой акруговай пракуратуры.