Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абменьнік Prakapovich адрадзіўся ў выглядзе чат-бота. Чаму беларусы мяняюць валюту ў інтэрнэце


Даляры ЗША і беларускія рублі. Ілюстрацыйнае фота
Даляры ЗША і беларускія рублі. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі зьяўляюцца чат-боты для абмену валюты. Паглядзелі, які там курс, і пагаварылі са стваральнікам такога чат-бота.

«Куплю наяўныя расейскія рублі за наяўныя беларускія па 3,28», — такія абвесткі можна пабачыць у шматлікіх чат-ботах для абмену валюты ў Беларусі. Зьявілася нават тэлеграм-вэрсія старога праекту «Пракаповіч», дзе падчас дэвальвацыі 2011 году можна было абмяняць валюту.

Цяпер у чат-боце больш за 8 тысяч удзельнікаў, хоць валюту можна свабодна купіць у беларускіх абменьніках. У асноўным там прадаюць ці набываюць расейскія рублі, але гандлююць і іншай валютай і крыптавалютамі.

Беларускія абменьнікі цяпер прадаюць 100 расейскіх рублёў за 3,3 беларускага, а купляюць па 2,8, што для людзей ня вельмі выгадна. А вось курс даляра ў чат-ботах звычайна амаль такі ж, як і ў абменьніках — 3,05 рубля за даляр.

Як мяняюць грошы праз Telegram

Мы зьвярнуліся да стваральніка чату «Пракаповіч» з просьбай расказаць, чаму менавіта цяпер патрэбен такі сэрвіс. На ягоную думку, гэта дазваляе абыходзіць ліміты на абмен у банках, а таксама знайсьці больш выгадны курс. Раней існаваў яшчэ і сайт, але ён трапіў у сьпіс забароненых. Да праекту «Пракаповіч», які зьявіўся ў 2011 годзе на фоне дэфіцыту валюты, стваральнік гэтага сайту і каналу дачыненьня ня мае.

«У абменьніках ёсьць абмежаваньні па сумах. Таксама ёсьць ліміты абмену і па картах. Асноўная ж прычына ў тым, што гэта не канфідэнцыйна. Аб’ёмы куплі валюты, калі яны рэгулярныя, адсочваюцца ДФР. Зрэшты, у чаце лёгка ўбачыць прафэсіяналаў — на запыт яны прададуць вам любы абʼём наяўнай валюты. Пашпарт пры гэтым не патрэбен», — паведаміў суразмоўца, які адмовіўся называць сваё імя.

Па яго словах, курс падчас такіх апэрацый будзе абавязкова хаця б трохі, але ўсё роўна ніжэйшы, чым у банку. Асноўны матыў стварэньня чату, перакананы яго ўладальнік, гэта процідзеянне чорнаму рынку, а не яго разьвіцьцё.

«Я катэгарычна забараніў у чаце перадаплаты на карты і раю не мяняць з рук на рукі», — кажа суразмоўца.

Калі чалавек у чаце бачыць іншага, які хоча абмяняць валюту, то яны дамаўляюцца і сустракаюцца асабіста. Пасьля, як раіць адмін сайту, валюту можна памяняць праз касу банка паводле прынцыпу «адзін здае, другі яе купляе». І там дамовіцца наконт розьніцы курсаў. Таксама людзі могуць мяняць яе самі, з рук у рукі.

Цяпер у чаце абмену рэгулярна бываюць дзясяткі абвестак аб продажы ці куплі валюты штодзень. Па словах адміністратара, колькасьць абвестак можа даходзіць да некалькіх сотняў. Пры гэтым выпадкі махлярства прысутнічаюць, але, па словах адміністратара, такіх людзей лёгка адсочваць.

«Ашуканцы ёсьць і будуць. Але іх імгненна вылічваюць удзельнікі супольнасьці. Яны даюць прывабны курс, а далей ідзе псыхалягічная апрацоўка „кліента“ і выманьваньне перадаплат на карты. Менавіта таму ў інструкцыі да чату вісіць забарона на любыя перадаплаты. Але даверлівыя ўсё роўна ёсьць. На гэты момант у „вечным блёку“ 2400 чалавек», — сьцьвярджае адміністратар.

Падобныя абменныя апэрацыі могуць зьвярнуць на сябе ўвагу сілавікоў, паводле беларускага заканадаўства яны незаконныя. Пакараньнем можа быць штраф у памеры да 150 базавых велічыняў (5550 рублёў па стане на 11 ліпеня 2023 году. — РС), а таксама канфіскацыя ўсіх наяўных сродкаў, якія зьбіраліся памяняць.

Па словах адміністратара, сілавыя структуры ўважліва сочаць за дзейнасьцю чат-бота.

«Органы пастаянна адсочваюць актыўнасьць, і гэта зразумела. На маёй памяці былі толькі два затрыманьні. Ва ўсякім разе, тыя, пра якія мне напісалі. Калі пабачу, вывешу дадзеныя аб спробе махлярства», — сьцьвярджае адміністратар каналу.

«Людзі могуць думаць пра рызыку абвалу»

Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна зазначае, што людзі прывыкаюць да онлайн-фармату, а таксама шукаюць больш выгадных умоваў для абмену.

«Зараз ня той час, калі ёсьць неабходнасьць шукаць альтэрнатыўных магчымасьцяў для абмену валюты. Людзі могуць думаць, што ёсьць рызыка нейкага абвалу ці дэфіцыту. Цяпер попыт на валюту ў банках ня вельмі высокі, дэфіцыту няма. Усплёскі наведаньня ў чат-ботах адбываюцца, калі праходзяць нейкія зьмены на валютным рынку. А яшчэ цяпер на рынку шмат расейскіх рублёў, якія не патрэбны банкам у такой колькасьці, таму ставяць ня вельмі выгадны курс для продажу», — кажа Анастасія Лузгіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG