Паседжаньне аб ліквідацыі КХП БНФ пачнецца а 10-й гадзіне, пазоў будзе разглядаць судзьдзя Валянціна Кулік, якая знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу.
КХП-БНФ, якая ўзьнікла ў 1999 годзе пасьля расколу Беларускага народнага фронту, стане першай партыяй, пытаньне аб ліквідацыі якой будзе разгледжана ў Вярхоўным судзе пасьля таго, як набылі моц папраўкі ў закон аб палітычных партыях, якія прадугледжваюць іх перарэгістрацыю. Нязьменным лідэрам КХП-БНФ зьяўляецца 79-гадовы Зянон Пазьняк, які даўно знаходзіцца за мяжой.
Зь меркаваньняў бясьпекі Беларуская партыя «Зялёныя» (БПЗ), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (БСДГ), Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» падалі дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сваіх сяброў. Вядома, што некаторым зь іх на гэтай падставе Мінюст адмовіў у перарэгістрацыі. Усе названыя партыі выступаюць супраць цяперашняга рэжыму.
Раней зьявіліся паведамленьні, што Міністэрства юстыцыі прапануе самаліквідавацца партыям, якія не прайшлі перарэгістрацыю.
Улады перарэгістравалі праўладныя Камуністычную партыю Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці. Раней зарэгістравалі ляяльную Аляксандру Лукашэнку партыю «Белая Русь».
Мінюст таксама падаў пазоў аб ліквідацыі партыі «Зялёных». Яе прадстаўнік запрошаны ў Вярхоўны суд 17 ліпеня на апытаньне ў парадку падрыхтоўкі да судовага паседжаньня.
5 чэрвеня прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БСДП (Грамада), Партыі БНФ і БПЗ заклікалі спыніць дзеяньне новай рэдакцыі закону «Аб палітычных партыях» празь яе неадпаведнасьці Канстытуцыі.
14 лютага Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене законаў па пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх абʼяднаньняў». Дакумэнт узмацніў патрабаваньні да палітычных сіл і абавязаў усе існыя партыі прайсьці працэдуру перарэгістрацыі на працягу 6 месяцаў пасьля яго ўступленьня ў сілу.
23 лютага міністар юстыцыі Сяргей Хаменка выказаў думку, што колькасьць палітычных партый пасьля перарэгістрацыі зьменшыцца з 15 да «трох-чатырох».
Праваабаронцы і прадстаўнікі апазыцыйных сілаў нэгатыўна расцэньваюць папраўкі ў закон, лічачы, што ў выніку застануцца толькі праўладныя палітычныя структуры.
13 сьнежня 2022 году Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і замежнай палітыкі».