Служыў у «памежным спэцназе», тры гады жыў у Польшчы
Івану Страшкевічу 29 гадоў. Нарадзіўся ў мястэчку Крэва Смаргонскага раёну. Паўтара гады адслужыў у войску ў паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Берасьці. Потым перайшоў на кантракт у памежныя войскі. Там служыў яшчэ 3,5 года ў аддзеле падвышанай баявой гатоўнасьці ў Смаргонях. Меў справу зь мігранцкім крызісам.
Як патлумачыў Іван Свабодзе, пасьля службы ў дэсанце ён хацеў абараняць людзей. Яму прапаноўвалі служыць у АМАП, аднак перашкодай сталі адміністрацыйныя справы, заведзеныя на яго за расьпіваньне алькаголю на вуліцы і пераход рэек у недазволеным месцы.
«У простыя памежнікі я б не пайшоў. А ў памежнай частцы, дзе служыў брат, быў аддзел падвышанай баявой гатоўнасьці, так званы „памежны спэцназ“. Я памятаў словы трэнэра: „Служыць, дык у эліце“, і пайшоў туды», — расказаў былы вайсковец.
Страшкевіч звольніўся ў 2019 годзе, бо яму не падабалася, як адбываецца кіраваньне Ўзброенымі сіламі. Тады ж зьехаў у Польшчу і пражыў там тры гады. Атрымаў польскі дазвол на жыхарства.
«У Польшчы я выдатна жыў і добра зарабляў. Працаваў і аўтадэтайлерам, і электрыкам, і каардынатарам у агенцтве па працаўладкаваньні. У Польшчы мне вельмі падабалася, я ведаю польскую мову, прадзед быў палякам», — расказвае Іван.
Апошні раз ён прыяжджаў у Беларусь на пачатку 2020 году. Потым, зь ягоных словаў, яго пачалі перасьледаваць за палітычную пазыцыю. Бацькам называлі некалькі крымінальных артыкулаў на сына, у тым ліку «Распальваньне варожасьці».
«Прыходзіць да бацькоў з допытамі, ператрусамі і вышукам мяне пачалі пасьля першага мітынгу ў Варшаве ў падтрымку арыштаваных кандыдатаў у прэзыдэнты. Я там некалькі інтэрвію даў, у тым ліку „Белсату“. Быў у форме дэсантніка, паказваў, што вайскоўцы, якія думаюць галавой, з народам», — расказвае Іван.
«У сталоўку водзяць пад аховай»
У 2022 годзе беларус пераехаў у Вільню. Стрыечны брат запрасіў яго працаваць там аўтаэлектрыкам у ягонай фірме. Да таго ж Іванава маці Ганна нарадзілася і вырасла ў Літве, там у сям’і жыве шмат сваякоў. Але на пачатку чэрвеня 2023 году міграцыйныя службы Літвы не працягнулі Івану працоўную візу і забаранілі яму ўяжджаць у Эўразьвяз цягам 50 месяцаў, бо ён раней служыў у беларускім войску.
«Прыйшоў ліст у інтэрнэце, што адмовілі ў візе і што я шпіён, ляяльны рэжыму (Лукашэнкі)», — патлумачыў Іван.
Ён папрасіў даць яму палітычны прытулак у Літве. 14 чэрвеня Страшкевіча выклікалі на гутарку ў міграцыйную службу ў Вільні. Аднак пасьля размовы яго затрымалі і перавезьлі ў лягер для ўцекачоў у горадзе Пабрадзе, за 50 кілямэтраў ад літоўскай сталіцы. Суд пастанавіў пакінуць там беларуса пад вартай на месяц, да 14 ліпеня.
Івана трымаюць у ізаляваным крыле, адкуль выходзіць можна толькі ў прыбіральню. Часам выпускаюць на гадзіну пабегаць на стадыёне або патрэнавацца ў сілоўні. Тэлефон і ноўтбук забралі. Карыстацца інтэрнэтам дазваляюць 30 хвілін раз на два дні.
«У сталоўку водзяць пад аховай. Усё, што я магу тут рабіць, гэта ляжаць, чытаць, глядзець тэлевізар. Прыяжджаюць сябры і сваякі наведаць, выпускаюць на сустрэчы. Камунікую з тымі, хто тут знаходзіцца: камэрунец, уругваец, у маім пакоі хлопцы з Украіны і Туркмэністану», — расказвае пра цяперашні побыт беларус.
«Я законаў не парушаў»
У Страшкевіча цяпер ёсьць адвакат, які займаецца ягонай справай. Адвакат абскарджвае адмову ў візе і падазрэньне ў небясьпецы Страшкевіча для Літвы. Калі суд вынесе рашэньне па гэтых пытаньнях, Іван ня ведае.
«Суд прыняў абскарджваньне і запатрабаваў ад уладаў доказаў, за што мяне палічылі небясьпечным. Шанцы застацца на волі, мне здаецца, вялікія. Я законаў не парушаў, заўсёды легальна (за мяжой) знаходзіўся і працаваў, своечасова вырашаў усе пытаньні. Пытаньне, што ў галовах у людзей, якія мяне закрылі», — кажа беларус.
- Свабода даслала запыт міграцыйнай службе Літвы з пытаньнем пра статус Івана Страшкевіча і імавернасьць ягонай дэпартацыі ў Беларусь. Там паведамілі, што «інфармацыю пра статус уцекача можа атрымаць толькі чалавек, які падаўся на ўцякацтва. Гэта інфармацыя канфідэнцыйная».