Падзеі 10 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
У гэты дзень
1917 — Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі дало прэм’ерную пастаноўку п’есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо».
1919 — у Горадні польскія ўлады забаранілі газэту «Родны край», а рэдактара Тамаша Грыба арыштавалі
1922 — абвешчана аўтаномія Беларускай праваслаўнай царквы на чале зь мітрапалітам Мэлхісэдэкам.
1941 — пачалася Смаленская абарончая апэрацыя. Упершыню ў Другой усясьветнай вайне нямецкія войскі перайшлі ад наступу да абароны.
1972 — у вёсцы Вязынка Маладачанскага раёну адкрыўся Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік.
1991 — адбылася інаўгурацыя першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына.
1992 — Беларусь стала чальцом Міжнароднага валютнага фонду.
1994 — першым прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у другім туры абралі Аляксандра Лукашэнку.
2000 — у Менску, на мэмарыяле «Яма», адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця помніка-мэмарыялу ахвярам Галакосту.
У гэты дзень нарадзіліся
1509 — Жан Кальвін, францускі рэлігійны рэфарматар.
1781 — Антон Марціноўскі, беларускі выдавец і публіцыст.
1871 — Марсэль Пруст, францускі пісьменьнік, аўтар вядомага цыклю раманаў «У пошуках страчанага часу».
1895 — Павал Сухі, савецкі авіяканструктар, нарадзіўся ў Глыбокім. Сухі спраектаваў больш як 50 самалётаў, 30 зь якіх былі пабудаваныя і выпрабаваныя.
1900 — Пётра Сергіевіч, беларускі жывапісец і графік, мастак-манумэнталіст.
Шмат хто з нас ад школьных гадоў уяўляе Каліноўскага менавіта такім, як на хрэстаматыйных палотнах Пётры Сергіевіча, дзе Кастусь гутарыць з паўстанцамі або разам з Валерам Урублеўскім робіць агляд іх шэрагаў.
Равесьнік стагодзьдзя, Пётра вучыўся ў Фэрдынанда Рушчыца ў Вільні, дасканаліў майстэрства ў Кракаве ды Італіі. Талент адкрываў яму шырокія магчымасьці для жыцьця і творчасьці. Сергіевіч абраў найлепшую — Вільню, што тады была неафіцыйнай сталіцаю Заходняй Беларусі.
Само віленскае паветра зрабіла адной зь ягоных галоўных тэмаў гісторыю: «Усяслаў Полацкі», «Скарына ў друкарні», «Арышт Паўлюка Багрыма». У 1920–1930-я Сергіевіч стварае манумэнтальныя размалёўкі ў касьцёлах Горадні, Смаргоні, Поразава, Жодзішкаў, Салечнікаў, Солаў, дзе захавалася фрэска «Цуд над Віслай», прысьвечаная разгрому Чырвонай арміі ў 1920 годзе.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 352–353.
1942 — Пятро Клімук, беларускі савецкі касманаўт.