Грамадзянін Пакістану, якога не ўпускалі назад у Беларусь, знаходзіцца ля пункту пропуску, паведамляе літоўскае агенцтва BNS. 7 ліпеня замежнік, які ехаў на рэйсавым аўтобусе Менск — Вільня, прад’явіў літоўскім памежнікам правы кіроўцы і пасьведчаньне асобы, нібыта выдадзеныя ў Румыніі. Памежнікі палічылі дакумэнты фальшывымі.
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што дакумэнты пакістанца сапраўдныя. Літву абвінавацілі ў «шантажы» з выкарыстаньнем каналаў міжнароднай сувязі.
Як сьцьвярджае прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс, літоўскія памежнікі напаілі пакістанца і прапанавалі яму паесьці.
Паколькі Беларусь адмаўляецца прапусьціць мужчыну назад на сваю тэрыторыю, ён застаецца каля літоўскага памежнага слупа, а сам памежны пераход часова не працуе.
Паводле яго слоў, сытуацыя каля пераходу «нармальная, чэргаў машын няма, памежнікі стаяць на посьце і накіроўваюць аўтамабілі ў іншыя пункты».