Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія абвінаваціла беларускія ўлады ва ўзбраеньні мігрантаў, якія незаконна пераходзяць мяжу


Латвійскія вайскоўцы будуюць агароджу на мяжы зь Беларусьсю, 28 верасьня 2021
Латвійскія вайскоўцы будуюць агароджу на мяжы зь Беларусьсю, 28 верасьня 2021

Латвійскія памежнікі заявілі, што ўлады Беларусі прапаноўвалі зброю мігрантам, якія зьбіраліся незаконна перасякаць беларуска-латвійскую мяжу.

Начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуятс расказаў у інтэрвію агенцтву LETA, што прадстаўнікі беларускага рэжыму інструктавалі мігрантаў аказваць узброены супраціў латвійскім памежнікам. Пуятс, аднак, дадаў, што мігранты адмовіліся выкарыстоўваць зброю і што пакуль сёлета не было інцыдэнтаў з ужываньнем зброі.

Паводле Пуятса, беларускія афіцэры на мяжы часам таксама маюць нетыповую для памежнікаў зброю – такую як кулямёты і снайпэрскія вінтоўкі.

Начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі сказаў, што за чацьвер, 8 чэрвеня былі спыненыя спробы 32 чалавек незаконна трапіць у Латвію зь Беларусі. Агулам сёлета, паводле яго, было спынена 3,793 асобаў, якія спрабавалі трапіць у Латвію незаконна, а 187 асобаў былі дапушчаныя ў Латвію з гуманітарных меркаваньняў.

У апошнія гады Беларусь мае сур'ёзныя праблемы на мяжы практычна з усімі суседзямі, акрамя Расеі.

Літва

На мяжы Беларусі і Літвы цяпер працуюць 8 памежных пераходаў. Пераход Беняконі — Стасілы (Stasylos), які прызначаны для грузавых чыгуначных перавозак, закрываецца з 16 лютага з ініцыятывы Літвы. У адказ на запыт тэлеграм-каналу «Мотолько Помоги» прадстаўнікі літоўскай мытні патлумачылі гэта тым, што на памежным пераходзе няма рэнтгенаўскіх апаратаў, каб выяўляць кантрабанду — пераважна цыгарэты. Такім чынам, для грузавых цягнікоў застаўся адзін пераход Гудагай — Кяна.

Да пандэміі ковіду ў Літву зь Беларусі можна было даехаць рэгулярнымі цягнікамі, дарога займала менш за 3 гадзіны. З 2020 году пасажырскіх чыгуначных зносін зь Літвой няма, такое рашэньне літоўскі бок прыняў пасьля пачатку пандэміі.

Увесну 2021 году на мяжы Беларусі і Літвы ўзьнік міграцыйны крызіс — Беларусь пускала праз сваю тэрыторыю мігрантаў з Сырыі, Іраку і некаторых афрыканскіх краін.

Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх памежнікаў зь мігрантамі. Падчас міграцыйнага крызісу на мяжы затрымлівалі па некалькі сотняў мігрантаў за дзень, агулам у Літву зь Беларусі не пусьцілі больш за 15 тысяч мігрантаў. Па стане на чэрвень мінулага году ў Літве заставаліся 2600 мігрантаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі.

Рэагуючы на крызіс, Літва пачала будаваць плот з калючым дротам уздоўж мяжы зь Беларусьсю, цяпер яго даўжыня 520 кілямэтраў.

У верасьні 2022 году, калі пачалося ўжо расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, Літва заяўляла пра намер наогул закрыць мяжу зь Беларусьсю для турыстаў, аднак гэтага не адбылося. На літоўска-беларускай мяжы цяпер працуюць наступныя пункты пропуску:

  • Відзы — Цьверач / Tverėčius (праезд даступны для легкавікоў і пустога грузавога транспарту, мяжу нельга перайсьці пешшу ці пераехаць на ровары).
  • Катлоўка — Лаварышкі / Lavoriškės (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Лоша — Шумск / Šumskas (праезд даступны толькі для легкавікоў, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Каменны Лог — Меднікі / Medininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Беняконі — Салечнікі / Šalčininkai (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Прывалка — Райгардас / Raigardas (праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары).
  • Гудагай — Кяна / Kena (Толькі для грузавых чыгуначных перавозак).

Латвія

Абодва памежныя пераходы, якія ёсьць на беларуска-латвійскай мяжы, пакуль працуюць. Гэта пераходы Грыгораўшчына — Пацерніекі і Урбаны — Сілене. Яны прыстасаваныя да праезду грузавых і легкавых аўтамабіляў, транспарту, таксама тут мяжу можна пераехаць на ровары. Пераход пешшу забаронены.

Латвію таксама закрануў мігранцкі крызіс, калі праз тэрыторыю Беларусі нелегальныя мігранты з Сырыі, Іраку і афрыканскіх краін спрабавалі трапіць у ЭЗ. За час міграцыйнага крызісу памежнікі Латвіі не пусьцілі на сваю тэрыторыю больш за 8 тысяч нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі.

Латвія, таксама як і Літва, пачала будаваць плот на мяжы зь Беларусьсю, каб спыніць рух мігрантаў. Плот даўжынёй 173 кілямэтры плянуюць дабудаваць у 2024 годзе.

Польшча

У 2020 годзе, да пандэміі ковіду і палітычнага крызісу ў Беларусі, на беларуска-польскай мяжы працавалі 6 памежных пераходаў, цяпер для грамадзян працуе толькі адзін: Берасьце — Тарэспаль. Яшчэ праз адзін пераход, Казловічы — Кукурыкі, езьдзіць грузавы транспарт. Да сакавіка 2020 году паміж Беларусьсю і Польшчай існавалі чыгуначныя зносіны, цяпер пасажырскі рух цягнікоў спынены, а грузавыя ходзяць толькі праз адзін пункт: Берасьце — Тарэспаль.

Польшчу найбольш з эўрапейскіх краін закрануў мігранцкі крызіс на мяжы зь Беларусьсю, туды спрабавалі трапіць каля 50 тысяч нелегальных мігрантаў.

8 кастрычніка 2021 году Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.

У кастрычніку 2022 году Польшча завяршыла будаўніцтва плоту з калючым дротам на мяжы зь Беларусьсю. Увосень 2021 году Польшча цалкам закрыла памежны пераход Брузгі — Кузьніца Беластоцкая, а 10 лютага — пункт «Баброўнікі», з фармулёўкай «у мэтах дзяржаўнай бясьпекі». Тады ж прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча «не выключае закрыцьця ўсіх памежных пераходаў» на мяжы зь Беларусьсю.

Сытуацыя на памежных пунктах, якія працавалі раней, цяпер выглядае так:

  • Брузгі — Кузьніца Беластоцкая / Kuźnica Białostocka (Закрыты. Увесь рух спынены).
  • Бераставіца — Баброўнікі / Bobrowniki (Закрыты. Увесь рух спынены).
  • Пяшчатка — Палоўцы / Połowce (Закрыты. Увесь рух спынены).
  • Казловічы — Кукурыкі / Kukuryki (Толькі для грузавога транспарту. Праход пешшу і на ровары недаступны).
  • Берасьце — Тарэспаль / Terespol (Даступны толькі для легкавых аўтамабіляў і пасажырскіх аўтобусаў. Пераход пешшу і на ровары недаступны.
  • Дамачава — Славатычы / Sławatycze (Закрыты, увесь рух спынены).

Украіна

З Украінай у Беларусі самая доўгая мяжа — 1084,2 кілямэтра. Да пандэміі, палітычнага крызісу і пачатку вайны на гэтым адрэзку працавалі 12 памежных пераходаў, празь якія перамяшчаліся грамадзяне, грузавыя фуры, пасажырскія і грузавыя цягнікі. З 24 лютага Ўкраіна закрыла ўсе памежныя пункты. Грузавы рух цягнікоў таксама спынілі пасьля 24 лютага. Пасажырскія цягнікі перасталі хадзіць яшчэ ў пандэмію каранавірусу.

Закрыцьцё межаў Украінай зьвязана з дапамогай, якую беларускія ўлады аказвалі расейскаму боку падчас вайны: праз тэрыторыю Беларусі перасоўвалася расейская вайсковая тэхніка і войска. Расейскі бок выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю для авіяцыі, якая бамбуе ўкраінскія гарады. Ад пачатку ўварваньня з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне расейскія войскі запусьцілі больш за 630 ракет.

Мяжа з Украінай цяпер закрытая цалкам, з украінскага боку ўздоўж мяжы вырытыя акопы і пабудаваныя фартыфікацыйныя ўмацаваньні на выпадак новага нападу з тэрыторыі Беларусі ці ўступленьня Беларусі ў поўнамаштабную вайну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG