Ад’езд сотняў расейцаў з ПВК «Вагнэр» з Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі зьяўляецца часткай ратацыі сіл, а ня вываду, заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта ЦАР, якога цытуе «Голас Амэрыкі».
Кароткачасовы мяцеж у Расеі пад кіраўніцтвам заснавальніка «Вагнэра» Яўгенія Прыгожына ў чэрвені выклікаў пытаньні аб пэрспэктывах разгалінаванай сеткі ваенных і камэрцыйных апэрацый яго групоўкі ў ЦАР, іншых частках Афрыкі, на Блізкім Усходзе і ў іншых месцах.
Паведамленьні аб нядаўнім адбыцьці вялікай колькасьці супрацоўнікаў «Вагнэра» з ЦАР самалётам узмацнілі здагадкі аб тым, што групоўка сыходзіць з краіны, дзе дапамагала ўраду здушыць некалькі паўстаньняў з 2018 году. Але прэс-сакратар прэзыдэнта ЦАР Альберт Ялоке Мокпэм сказаў, што «гэта не канчатковы ад’езд, а ратацыя».
«Адны зьехалі, а іншыя прыедуць», — сказаў ён на прэс-канфэрэнцыі ў сталіцы Бангі.
Невядома, колькі «вагнэраўцаў» засталося ў ЦАР. Мяркуецца, што там дзейнічалі каля 1900 расейскіх наймітаў, прычым ня толькі ПВК «Вагнэр».
Любая рэструктурызацыя дзейнасьці групы «Вагнэра» ў ЦАР можа мець значныя камэрцыйныя наступствы. Аналітыкі кажуць, што ПВК атрымала права на лесанарыхтоўку і кантроль над залатымі руднікамі ЦАР. У чэрвені Злучаныя Штаты наклалі санкцыі на кампанію з ЦАР як адну зь некалькіх, у тым ліку з ААЭ, якія ўдзельнічалі ў фінансаваньні «Вагнэра» празь незаконныя апэрацыі з золатам.
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.