Пра гэта паведамляецца на сайце ведамства.
Unilever — адзін з сусьветных лідэраў на рынку харчовых прадуктаў і тавараў бытавой хіміі. Кампаніі належаць больш за 400 брэндаў, у тым ліку Domestos, Axe, Rexona, Dove, Calve, Lipton, CIF, Knorr, Sunsilk, Timotei, CLEAR, «Чистая Линия» і іншыя.
У НАПК рашэньне ўнесьці кампанію ў сьпіс «спонсараў вайны» тлумачаць тым, што прадпрыемствы кампаніі да гэтага часу працуюць у Расеі, плацяць там падаткі, тым самым падтрымліваюць расейскую эканоміку і ўносяць свой уклад у працяг вайны супраць Украіны.
Пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну кампанія паабяцала прыпыніць імпарт і экспарт сваёй прадукцыі ў Расею і зь яе, аднак на працягу году вайны прыбытак ТАА «Юнилевер Русь» падвоіўся з 4,8 млрд рублёў ($54,3 млн) у 2021 годзе больш як да 9,2 млрд рублёў ($104 млн) у мінулым годзе.
У 2022 годзе кампанія заплаціла ў бюджэт Расеі каля $50 млн падаткаў, паказваюць у НАПК.
«Unilever ня можа выступаць супраць вайны, паралельна спрыяючы ваеннай машыне Пуціна. Мы ўнеслі гэтую кампанію ў пералік міжнародных спонсараў вайны, паколькі сотні мільёнаў іх падатковых узносаў у бюджэт РФ дапамагаюць фінансаваць вайну супраць Украіны і могуць такім чынам нават ускосна фінансаваць нейкую групу расейскіх наймітаў, — заявіў кіраўнік НАПК Аляксандар Новікаў. — Unilever павінна пакінуць Расею зараз, або гісторыя запомніць яе саўдзел у гэтай вайне».
На пачатку сакавіка 2022 году Unilever заявіла аб прыпыненьні імпарту і экспарту ў Расею і зь яе. У заяве кампаніі было пазначана, што яны таксама перастануць інвэставаць у Расею і накіроўваць туды грошы на СМІ і рэкляму.
Unilever пры гэтым адзначыла, што працягне пастаўляць свае прадукты першай неабходнасьці і гігіенічныя тавары, вырабленыя ў Расеі, жыхарам краіны, але ня будзе атрымліваць прыбытак са сваёй расейскай прысутнасьці.
У Расеі, паводле дадзеных брытанскай газэты The Financial Times, каля 2000 заходніх кампаній падалі заяўкі на продаж сваіх актываў у краіне і чакаюць дазволу расейскага Міністэрства фінансаў. Бяз гэтага дазволу прадаць актывы ў Расеі немагчыма. Камісія ж зьбіраецца тры разы на месяц і разглядае прыкладна 7 заявак за паседжаньне, расказаў суразмоўца выданьня. Нацыянальнае агенцтва па супрацьдзеяньні карупцыі Ўкраіны стварыла сьпіс міжнародных кампаній, якія працягваюць весьці свой бізнэс у Расеі. Мяркуецца, што гэта дапаможа ЭЗ і ЗША накладаць санкцыі на кампаніі, якія маюць дачыненьне да вайны.