Сярод прапаноў — забарона на транзыт тавараў праз Расею і меры супраць суднаў, якія адключаюць навігацыйныя сыстэмы, піша агенцтва Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы.
Галоўная мэта новых санкцый, па дадзеных выданьня, — барацьба з абходам дзейных санкцый супраць Расеі.
У прыватнасьці, ЗША і Японія рыхтуюць асобныя санкцыі ў дачыненьні да Масквы. Канада ж разглядае пытаньне ўвядзеньня санкцый, якія датычацца правоў чалавека і абароннай прамысловасьці. Нягледзячы на тое, што бакі плянуюць уводзіць санкцыі індывідуальна, мяркуецца, што яны будуць каардынаваць свае дзеяньні.
Пляны будуць абнародаваны на сустрэчы лідэраў G7 у Японіі ў канцы гэтага месяца.
Увага гэтых краін будзе засяроджана на тым, каб перадухіліць ухіленьне або абыход санкцый з боку Расеі. Гэтыя намаганьні ўключаюць таксама дыпляматычны ціск на іншыя краіны, узмоцнены маніторынг ключавых тавараў і перасьлед кампаній, якія могуць дапамагаць Маскве абыходзіць абмежаваньні, зазначае выданьне.
Bloomberg раней пісаў, што некаторыя саюзьнікі Ўкраіны разглядаюць амаль поўную забарону на экспарт у Расею. Калі гэтыя зьмены будуць прынятыя, то будзе забаронены любы экспарт зь невялікімі выключэньнямі. Такі варыянт, паводле зьвестак выданьня, можа пацягнуць за сабой вострыя дэбаты. Бо ёсьць многія кампаніі, якія экспартуюць свае тавары ў РФ.
У сакавіку кіраўнік Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен і прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у сумеснай заяве аб’явілі аб намеры ўзмацніць працу ў забесьпячэньні выкананьня санкцый і мер экспартнага кантролю супраць Расеі, а таксама не дапускаць абыходу санкцый.Напярэдадні прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Ўкраіна рыхтуе новы «вялікі» пакет санкцый супраць Расеі.
Паводле зьвестак Эўрастату, экспарт з Эўропы ў Расею пасьля ўвядзеньня санкцый у пэрыяд з сакавіка па лістапад 2022 году ўпаў на 47% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2021 году і склаў 36,3 млрд эўра. Але пры гэтым экспарт эўрапейскіх тавараў у суседнія з Расеяй краіны, такія як Беларусь, Армэнія, Казахстан, Грузія, Узбэкістан і Кіргізстан, за аналягічны пэрыяд 2022 г. вырас на тыя ж 48% і склаў 20,3 млрд эўра.