Суд у Тбілісі працягвае разглядаць справу экс-прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі аб разгоне акцыі 7 лістапада 2007 году і пагроме тэлекампаніі «Імэдзі».
Як паведаміла грузінская служба Радыё Свабода, Міхэіл Саакашвілі ўдзельнічае ў пасяджэньні празь відэасувязь з клінікі «Вівамэдзі», дзе ён знаходзіцца на лячэньні.
Далучаючыся да пасяджэньня 3 ліпеня, ён пачаў свой выступ на ўкраінскай мове, затым зрабіў палітычныя заявы і адказаў на камэнтары сьпікера парлямэнту Грузіі Шалвы Папуашвілі аб тым, што ўсе датычныя да «дэзынфармацыі» пра стан Саакашвілі і ягоную справу мусяць прасіць прабачэньня.
«Атрымліваецца, што Эўрапарлямэнт павінен прасіць прабачэньня за патрабаваньне майго вызваленьня. Я хачу сказаць кіраўніку парлямэнту, вы павінны папрасіць прабачэньня за тое, што давялі мяне да гэтай сытуацыі, вы павінны папрасіць прабачэньня перад эўрадэпутатамі, перад маёй сям’ёй, перада мной, перад дзяржавай Украінай і ўсімі грузінамі за тое, што грузінская дзяржава знаходзіцца ў такім стане. Папуашвілі, паглядзі на мяне добра», — сказаў Міхэіл Саакашвілі падчас дыстанцыйнага ўдзелу ў пасяджэньні 3 ліпеня і, каб прадэманстраваць свой стан, ён падняў кашулю.
28 ліпеня 2014 году пракуратура прадʼявіла Міхэілу Саакашвілі абвінавачаньне па «справе 7 лістапада», а 2 жніўня 2014 году яго завочна асудзілі на пазбаўленьне волі. Гэта першая крымінальная справа, якую завялі ў Грузіі супраць Міхэіла Саакашвілі пасьля зьмены ўлады ў 2012 годзе.
Саакашвілі напярэдадні споўнілася 55 гадоў. Ён быў прэзыдэнтам Грузіі ў 2004–2013 гадах. Цяпер у яго толькі грамадзянства Ўкраіны. Саакашвілі — кіраўнік Выканаўчага камітэту рэформаў Украіны.
Справы Саакашвілі
У 2018 годзе суд Грузіі завочна асудзіў Міхэіла Саакашвілі па справах аб амністыі абвінавачаных у сьмерці Сандро Гіргуліяні і зьбіцьці былога дэпутата парлямэнту Валерыя Гелашвілі. Суд прызнаў Міхэіла Саакашвілі вінаватым у злоўжываньнях і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яго асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Акрамя таго, супраць экс-прэзыдэнта завялі крымінальныя справы па абвінавачаньні ў крадзяжы бюджэтных сродкаў, разгоне акцыі 7 лістапада 2007 году, пагроме ў тэлекампаніі «Імэдзі» і захопе маёмасьці яе ўладальніка — нябожчыка бізнэсмэна Бадры Патаркацышвілі.
20 кастрычніка 2021 году пракуратура Грузіі прадʼявіла Саакашвілі яшчэ адно абвінавачаньне — незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы. Паводле сьледзтва, у канцы верасьня Саакашвілі таемна вярнуўся з Украіны ў Грузію ў трэйлеры, гружаным малочнай прадукцыяй, які прыбыў на караблі з украінскага порту Чарнаморск у порт Поці.
Міхэіл Саакашвілі называе ўсе справы палітычна матываванымі. Ён ужо некалькі месяцаў знаходзіцца ў тбіліскай клініцы «Вівамэдзі», куды яго перавялі з турмы пасьля дзьвюх галадовак. Сямʼя і адвакаты заяўляюць аб пагаршэньні яго стану, улады ў адказ кажуць, што для трывогі няма падстаў і Саакашвілі атрымлівае ўсё неабходнае лячэньне.