Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўстраліі адбываюцца масавыя маршы за прызнаньне правоў абарыгенаў у Канстытуцыі


Сьцяг аўстралійскіх абарыгенаў на маршы ў Аўстраліі, архіўнае фота
Сьцяг аўстралійскіх абарыгенаў на маршы ў Аўстраліі, архіўнае фота

Тысячы людзей выйшлі на мітынг у нядзелю, каб падтрымаць кампанію па прызнаньні карэннага насельніцтва краіны ў Канстытуцыі напярэдадні рэфэрэндуму ў канцы гэтага году.

Рэфэрэндум, які, верагодна, пройдзе ў пэрыяд з кастрычніка па сьнежань, накіраваны на ўнясеньне паправак у Канстытуцыю і стварэньне кансультатыўнага органу — «Голас карэннага насельніцтва ў парлямэнце». Мэта — даць абарыгенам і жыхарам астравоў Торэсавай пратокі права мець асобны голас у мясцовай палітыцы.

Левацэнтрысцкі лейбарысцкі ўрад прэм’ер-міністра Энтані Альбанэзэ падтрымлівае зьмены, апазыцыйныя лібэрал-нацыянал-кансэрватары заклікаюць прагаласаваць «супраць».

Yes23, група, якая стаіць за больш як 25 мітынгамі па ўсёй краіне, паведаміла агенцтву Reuters, што на мітынг у Сыднэі выйшлі каля 3000 чалавек. Чакаецца, што агулам у маршах возьмуць удзел да 25 000 чалавек.

«Гэтыя грамадзкія мерапрыемствы зьяўляюцца магчымасьцю для людзей сабрацца разам і атрымаць каштоўную інфармацыю пра важнасьць пасьпяховага правядзеньня рэфэрэндуму сёлета», — сказаў у заяве прадстаўнік кампаніі Yes23 Дын Паркін.

Паводле апытаньня, праведзенага ў мінулым месяцы, падтрымка рэфэрэндуму ўпершыню паказала, што варыянт «не» перамог з паказьнікам 51% супраць 49%. Праціўнікі, у тым ліку некаторыя карэнныя жыхары, заявілі, што прапанове не хапае дэталяў і яна разьяднае аўстралійцаў.

«Мы насамрэч не засяроджваемся на апытаньнях, мы засяроджваемся на працы, якая заключаецца ў выхадзе ў людзі і размовах зь імі», — сказала прадстаўніца Yes23 Рэйчэл Пэркінс тэлеканалу ABC у нядзелю, паведамляе Голас Амэрыкі.

Карэнныя аўстралійцы, якія складаюць 3,8% насельніцтва дзяржавы, сутыкаюцца зь недахопамі, у тым ліку з дыскрымінацыяй, дрэнным забесьпячэньнем аховы здароўя і адукацыі. Да таго ж сярод іх шмат людзей, пазбаўленых волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG