Аўстралія выплаціць кампэнсацыі людзям, якія выжылі пасьля ранейшай палітыкі асыміляцыі, што аддзяліла дзяцей карэннага насельніцтва ад іх бацькоў. Члены так званых «выкрадзеных пакаленьняў» у рэгіёне, які ўключае сталіцу Канбэру і Паўночную Тэрыторыю, атрымаюць аднаразовую выплату ў 60 000 даляраў, піша «Голас Амэрыкі».
Гэта частка праграмы на 800 мільёнаў даляраў, накіраванай на ліквідацыю нястачы, зь якой сутыкаюцца абарыгенныя народы Аўстраліі, у тым ліку астраўныя жыхары, якія жывуць побач з пратокай Торэса. Іх нястача стала вынікам працяглай траўмы пасьля падзелаў сем’яў.
Большасьць аўстралійскіх штатаў маюць уласныя пляны выплатаў, але ўлады Квінслэнду і Заходняй Аўстраліі заклікаюць усю краіну зрабіць больш для кампэнсацыі тым, хто выжыў у «выкрадзеных пакаленьнях».
Дзясяткі тысяч аўстралійскіх дзяцей карэнных народаў кантынэнту прымусова вывозілі зь іх земляў, што трывала да пачатку 1970-х гадоў. Гэта была наўмысная палітыка асыміляцыі іншых расаў у белае грамадзтва. У лютым 2008 году ўрад Аўстраліі афіцыйна папрасіў прабачэньня за тое, што папярэднія кіраўнікі дзяржавы прымусова адрывалі дзяцей карэннага насельніцтва ад іх сем’яў.
Прадстаўнікі карэнных народаў Аўстраліі цяпер складаюць крыху больш за 3% насельніцтва краіны і праз ранейшую палітыку дзяржавы дагэтуль адносяцца да найбяднейшых слаёў аўстралійскага грамадзтва.
Кіраўніцтва сталіцы Канбэры летась абвясьціла, што ўзмоцніць намаганьні па павелічэньні працягласьці жыцьця карэнных жыхароў, якая сёньня ў сярэднім на 10 гадоў меншая, чым у насельніцтва агулам. Таксама ў Канбэры паабяцалі ліквідаваць няроўнасьці ў адукацыі.