Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Залужны: наступ Украіны — гэта ня шоў


Валер Залужны ў Вярхоўнай Радзе, 28 чэрвеня 2023 году
Валер Залужны ў Вярхоўнай Радзе, 28 чэрвеня 2023 году

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны генэрал Валер Залужны заявіў, што яго «раздражняюць» камэнтары, якія гучаць на Захадзе адносна таго, што наступ украінскай арміі ідзе павольней, чым чакалася.

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію The Washington Post — першым вялікім інтэрвію Залужнага з пачатку наступу і зьяўленьня чутак аб раненьні ўкраінскага камандуючага.

Па словах Залужнага, украінскае войска наступае, нягледзячы на адсутнасьць перавагі ў паветры і шэрагу неабходных відаў узбраеньняў. Тым ня менш, як сказаў генэрал, войскі «штодня прасоўваюцца наперад, нават калі гэта ўсяго 500 мэтраў».

«Гэта ня шоў, за якім назірае ўвесь сьвет, на якое робяць стаўкі ці нешта падобнае. Кожны дзень, кожны мэтар даецца крывёй», — заявіў Залужны. Паводле яго слоў, пляны наступу выконваюцца, «можа, не так хутка, як хацелася б удзельнікам шоў, назіральнікам, але гэта іх праблема».

Пры гэтым украінскі галоўнакамандуючы зноў заклікаў краіны NATO хутчэй паставіць Украіне зьнішчальнікі. Ён адзначыў, што вайскоўцы NATO ў адпаведнасьці з дактрынай гэтай арганізацыі не пайшлі б у наступ без панаваньня ў паветры, і зноў адзначыў, што Ўкраіне неабходныя зьнішчальнікі, такія як F-16. Ваяваць без самалётаў — гэта як ісьці супраць агнястрэльнай зброі з лукамі і стрэламі, лічыць камандуючы. Без прыкрыцьця з паветра нават сучасныя танкі, такія як «Леапард», на полі бою ператвараюцца ў мішэнь, сказаў Залужны. Ён прызнаў, што некалькі такіх баявых машын былі зьнішчаныя.

Залужны таксама сказаў, што мяцеж ПВК «Вагнэр» ніяк не адбіўся на баявых дзеяньнях на фронце — украінскія вайскоўцы не адчулі якога-небудзь паслабленьня супраціву расейскіх войскаў. Ён таксама пракамэнтаваў ядзерныя пагрозы Масквы, сказаўшы, што яны ня спыняць украінскі наступ.

Украінскія вайскоўцы пачалі наступальныя дзеяньні на розных участках фронту ў пачатку чэрвеня. За мінулыя некалькі тыдняў яны дамагліся пэўных посьпехаў, вызваліўшы каля 10 населеных пунктаў, але ня здолеўшы прарваць расейскую абарону. Паводле ацэнак аналітыкаў і заяваў міністра абароны Ўкраіны, галоўны ўдар у ходзе наступу яшчэ ня быў нанесены. Шэраг краін NATO заявілі пра гатоўнасьць паставіць Украіне F-16, аднак канкрэтных рашэньняў пакуль не прымалі.

У Расеі з пачатку траўня распаўсюджваліся паведамленьні аб тым, што Залужны быў або цяжка паранены, або забіты. Такія паведамленьні распаўсюджвала і дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости», паводле якога Залужнаму нібыта была праведзеная трэпанацыя чэрапа. Пасьля гэтага было апублікавана некалькі відэа з галоўнакамандуючым ЎСУ, аднак расейскія СМІ і тэлеграм-каналы працягвалі сьцьвярджаць, што ён быў цяжка паранены.

На сустрэчы з ваеннымі блогерамі і карэспандэнтамі ў сярэдзіне чэрвеня прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін на пытаньне аб Залужным сказаў, што «здаецца, ведае», што ўкраінскі камандуючы знаходзіцца «за мяжой». Пры гэтым Пуцін абмовіўся, што «можа памыляцца». Пасьля гэтага былі апублікаваныя яшчэ некалькі відэа з удзелам Залужнага. Інтэрвію The Washington Post ён даў у Кіеве 28 чэрвеня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG