Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Ўкраіны заявіла аб пачатку наступу пад Бахмутам. Зяленскі зьвярнуўся да расейцаў


Украінскі танк на Данбасе. Ілюстрацыйнае фота.
Украінскі танк на Данбасе. Ілюстрацыйнае фота.

Украінскія вайскоўцы ў суботу пачалі наступ у Данецкай вобласьці адразу на некалькіх кірунках. Аб гэтым паведаміла намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр.  

Паводле яе слоў, ідзе наступ у напрамку Арэхава-Васільеўкі, Бахмута, Багданаўкі, Ягаднага, Кляшчаеўкі, Курдзюмаўкі. Гаворка ідзе аб Бахмуцкім кірунку, дзе — пасьля ўзяцьця самога горада расейскімі войскамі ў траўні — украінскія вайскоўцы мелі ініцыятыву.

«Па ўсіх напрамках ёсьць прасоўваньне наперад», — заявіла Маляр. Якія-небудзь дэталі не прыводзяцца. Расейскае Мінабароны не камэнтавала паведамленьне. Ва ўмовах актыўных баявых дзеяньняў праверыць цьверджаньні бакоў не ўяўляецца магчымым.

Баі, па словах Маляр, ідуць таксама на паўднёвым напрамку, дзе ўкраінскія войскі таксама вядуць наступленьне.

Ці зьвязаны пачатак наступленьня пад Бахмутам з тым, што ў Расеі адбылася спроба ўзброенага мяцяжу наймітаў ПВК «Вагнэр», у паведамленьні намесьніцы міністра абароны Ўкраіны не гаворыцца. Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім вячэрнім відэазвароце, аднак, зьвярнуўся да расейцаў на расейскай мове, маючы на ўвазе дзеяньні ПВК «Вагнэр».

«Чалавек з Крамля, відавочна, вельмі баіцца і, напэўна, хаваецца недзе, не паказваецца. Упэўнены, што ўжо не ў Маскве. Тэлефануе кудысьці, выпрошвае там нешта... Ён ведае, чаго баіцца, бо ён сам стварыў гэтую пагрозу. Усё зло, усе страты, уся нянавісьць — ён гэта сам распаўсюджвае. І чым даўжэй яшчэ ён зможа перабягаць паміж сваімі бункерамі — тым больш страціце вы ўсе... усе, хто зьвязаны з Расіяй», — сказаў, у прыватнасьці, Зяленскі, маючы на ўвазе Уладзіміра Пуціна. «Чым даўжэй будзе гэты чалавек у Крамлі — тым больш будзе катастроф», сказаў ён, адзначыўшы таксама, што «сёньня ўвесь сьвет убачыў, што гаспадары Расеі нічога не кантралююць».

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG