Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інстытут вывучэньня вайны: Пуцін можа выкарыстаць Беларусь як пастку для Прыгожына і яго прыватнай арміі


Яўгеній Прыгожын у Растове пасьля завяршэньня спробы мяцяжу. Скрышот зь відэазапісу, апублікаванага 24 чэрвеня 2023
Яўгеній Прыгожын у Растове пасьля завяршэньня спробы мяцяжу. Скрышот зь відэазапісу, апублікаванага 24 чэрвеня 2023

У 2020 годзе Аляксандар Лукашэнка перадаў Маскве 33 затрыманых у Беларусі вагнэраўцаў пасьля таго, які выкарыстаў іх у якасьці ўплыву на Крэмль. «Няма відавочных прычын, чаму ён ня зробіць гэта зноў», — адзначылі экспэрты ISW.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) не выключаюць, што Беларусь, якая пагадзілася прыняць уласьніка прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына і ягоных вайскоўцаў-наймітаў, наўрад ці можа быць для іх бясьпечным месцазнаходжаньнем.

«Калі Крэмль будзе ціснуць на Беларусь, Беларусь не прапануе сапраўднага прытулку наймітам, які пойдуць за Прыгожыным. Пуцін можа прэзэнтаваць Беларусь як пастку. Крэмль, хутчэй за ўсё, палічыць чальцоў групы „Вагнэр“, якія пайшлі за Прыгожыным у Беларусь, здраднікамі», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту за 26 чэрвеня.

Паводле экспэртаў ISW, каштоўнасьць абяцаньня расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб магчымасьці вагнэраўцаў выехаць у Беларусь, сумнеўная.

«Вагнэраўцы наўрад ці застануцца ў бясьпецы ад расейскіх запытаў аб экстрадыцыі, калі Пуцін адмовіцца ад абяцаньняў і абвінаваціць іх у дзяржаўнай здрадзе», — мяркуюць яны.

У справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны таксама нагадалі, як у 2020 годзе Аляксандар Лукашэнка перадаў Маскве 33 затрыманых у Беларусі вагнэраўцаў пасьля таго, які выкарыстаў іх у якасьці ўплыву на Крэмль. «Няма відавочных прычын, чаму ён ня зробіць гэта зноў», — адзначылі экспэрты ISW.

Раніцай 27 чэрвеня стала вядома, што на вайсковы аэрадром Мачулішчы ранкам прыляцеў самалёт кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Рэгістрацыйны нумар бізнэс-джэту RA-02795.

26 чэрвеня, пасьля амаль двух дзён маўчаньня, прэс-служба Прыгожына апублікавала яго новы зварот. У ім Прыгожын заявіў, што «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі». Ён нічога не сказаў пра сваю будучыню і будучыню ПВК «Вагнэр», а таксама не прывёў дэталяў перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG