Супраць менчука Аляксея Камароўскага, якога асудзілі на 4 гады калёніі за спробу «зьбіць супрацоўніка ДАІ», распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 369 КК («Абраза міліцыянта»), піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Нагода для новага крымінальнага артыкулу — абразьлівы камэнтар у чаце, адзначаюць праваабронцы.
Месяц таму Камароўскі пачаў адбываць тэрмін у мазырскай калёніі № 20, дзе яго амаль адразу па прыбыцьці зьмясьцілі ў ШЫЗА. Цяпер мужчыну перавялі ў горадзенскую турму № 1.
17 лютага суд Савецкага раёну Менску асудзіў Камароўскага на 4 гады калёніі строгага рэжыму за пагрозу гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (артыкул 364 КК) і ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў МУС (артыкул 365 КК).
Згодна з матэрыяламі справы, Камароўскі ехаў 10 жніўня 2020 года падчас акцыі пратэсту на сваёй машыне па Менску каля рэстарацыі «Белая Вежа». На скрыжаваньні ён ўбачыў сілавікоў, якія затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі і аўтамабілістаў. Камароўскі перастроіўся ў іншы шэраг і «падрэзаў» машыну ДАІ, якая, як адзначае «Вясна», ужо спынілася. Сьледзтва распазнала ў гэтым умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў МУС.
Супрацоўнік ДАІ з прозьвішчам Масэнза пазьней заявіў, што Камароўскі такім спосабам хацеў яго зьбіць. За гэта мужчыну дадалі яшчэ адзін крымінальны артыкул за пагрозу гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.