Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выдыхнула нават не краіна, а цэлы сьвет». Як дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі пракамэнтавалі размовы Лукашэнкі з Прыгожыным


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Выданьне Zerkalo сабрала, што гаварылі пра Лукашэнку і Прыгожына ў выніковых этэрах дзяржаўных тэлеканалаў Беларусі 25 чэрвеня.

Увечары 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» спыніла свой марш на Маскву. Мяркуючы па афіцыйных камэнтарах, гэта адбылося пасьля перамоваў Яўгенія Прыгожына з Аляксандрам Лукашэнкам. Zerkalo паглядзела выніковыя этэры тэлеканалаў «Беларусь-1», АНТ і СТВ і прааналізавала, як прапагандысты апісвалі ролю Лукашэнкі ў спыненьні мяцяжу ў Расеі.

«Беларусь-1»: «Гэта найвышэйшы пілятаж»

У «Галоўным эфіры» на тэлеканале «Беларусь-1» вядоўца Сяргей Гусачэнка заявіў у самым пачатку, што Лукашэнка «зноў прадэманстраваў усяму сьвету, што любыя дамоўленасьці, чаго б яны ні каштавалі, лепшыя за гарматы, якія страляюць, і гібель людзей». Потым паказалі васьміхвілінны сюжэт аўтарства Лізаветы Казаковай. Яна сьцісла пераказала падзеі ў Расеі, перайшоўшы да паведамленьня прэс-службы Лукашэнкі, што «Прыгожын прыняў прапанову беларускага лідэра».

Затым выступілі прапагандысты, сярод якіх больш за ўсё Лукашэнку хваліў расейскі тэлевядоўца Ўладзімір Салаўёў:

«Гэта найвышэйшы пілятаж. Мы ня ведаем усіх нюансаў, дэталяў... Думаю, кнігі будуць напісаныя і фільмы зьнятыя».

АНТ: «Беларусь і Расея спаяныя адным лёсам»​

Тэме мяцяжу і таго, як Лукашэнка ўмяшаўся ў сытуацыю, на АНТ прысьвяцілі амаль восем хвілін. Рэпартаж рабіў Ігар Тур, які ўваходзіць у пул Лукашэнкі:

«Выдыхнула нават не краіна, а цэлы сьвет, дзякуючы перамоўнай ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі, аб чым пазьней заявіў прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітрый Пяскоў», — сказаў Тур.

Далей была зноў пахвала і заява, што Лукашэнка «сапраўды варты званьня героя Расеі» ад Уладзіміра Салаўёва. Дэпутат Андрэй Савіных дадаў, што Беларусь і Расея «спаяныя адным лёсам».

СТВ: «Адчуў велізарнае пачуцьцё гонару»

У выніковай перадачы СТВ цэнтральнае месца заняў сюжэт Яўгена Пуставога. У якасьці экспэрта на ролю ацэнкі Лукашэнкі выступіў кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін:

«Лукашэнка карыстаецца вялікай павагай у самых розных палітычных сіл у Расейскай Фэдэрацыі. Так, Расея пазьбегла самага страшнага — яна пазьбегла смуты. І тое, што Беларусь, асабіста беларускі прэзыдэнт, у дадзеным выпадку прэзыдэнт, выступіў як гарант, як чалавек, зацікаўлены ў захаваньні стабільнай, моцнай Расеі — гэта вельмі важна».

Зьявіўся на СТВ і камэнтар ад дэпутата Алега Гайдукевіча.

«Лукашэнка яшчэ раз паказаў, што ён чалавек, які здольны дзейнічаць тады, калі гэта патрэбна. І, шчыра кажучы, учора я адчуў велізарнае пачуцьцё гонару», — заявіў старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Па словах Пуставога, «цяпер афіцыйны Менск становіцца міратворцам славянскай цывілізацыі»:

«Захаваны сотні, а можа, і тысячы жыцьцяў нашых рускіх людзей. Тэрытарыяльная цэласнасьць і грамадзкая згода вялікай Расеі».

  • 24 чэрвеня ўверчары неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі «Пул Первого» напісаў, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць узброенае прасоўваньне да Масквы. Пазьней Прыгожын пацьвердзіў гэтую інфармацыю.
  • Пазьней прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што крымінальная справа ў дачыненні да Прыгожына па абвінавачаньні ў спробе мяцяжу будзе спынена, а сам ён «пойдзе ў Беларусь». Пяскоў дадаў, што яму невядома, чым Прыгожын будзе займацца пасьля гэтага.
  • Аднак аб прыезьдзе Прыгожына ў Беларусь афіцыйны Менск да сёньня не паведаміў. Не пісалі пра гэта і дзяржаўныя беларускія СМІ.
  • 26 чэрвеня ў Генпракуратуры Расеі заявілі, што крымінальнай справы супраць Прыгожына не спынілі.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG