Тады атрад беларусаў з палку імя Кастуся Каліноўскага прыняў бой з расейцамі. У выніку чатыры добраахвотнікі загінулі (Іван «Брэст» Марчук, Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік, Вадзім «Папік» Шатроў), а двое трапілі ў палон (Ян «Тромблі» Дзюрбейка, Сяргей «Клешч» Дзёгцеў). Пра палонных беларусаў ужо вельмі даўно няма ніякай інфармацыі. А целы загінулых сваякі ня могуць атрымаць па сёньня.
Тацяна, удава Вадзіма Шатрова, толькі праз год пасьля гібелі мужа пагадзілася расказаць пра яго.
Працаваў будаўніком, рабіў рамонты
«Мы пазнаёміліся ў Кіеве. Гэта было сямнаццаць гадоў таму. Нас выпадкова пазнаёмілі мае сябры. Справа ў тым, што на той час Вадзім быў жанаты, жыў у Сумскай вобласьці. У яго ад першага шлюбу ёсьць сын Мікіта. Так стасаваліся, зь першай жонкай у іх ня склалася. Слова за слова — пачалі сустракацца. Потым наступнай жонкай стала я», — пачынае аповед Тацяна.
Пажаніліся яны ў 2011 годзе. У 2012-м у пары зьявіўся сын Максім, а ў 2013-м — дачка Валерыя. Жылі ў Кіраваградзкай вобласьці, у сяле Машорына.
«Працаваў будаўніком, рабіў рамонты. Ён езьдзіў заўсёды працаваць у Кіеў. Увогуле стараўся кожныя выходныя прыяжджаць дадому, да дзяцей. Мы дома трымалі гаспадарку, як мае быць у вёсцы: было трошкі зямлі, кукурузу вырошчвалі, пшаніцу, каб было чым жыўнасьць карміць. Мы і кароваў трымалі, і сьвіней, птушак розных. Цяпер ужо толькі птушкі засталіся», — кажа жонка.
Шатроў родам з Воршы. Тацяна ня ведае, колькі дакладна гадоў Вадзім жыў ва Ўкраіне, але даўно. Кажа, што ён ня вельмі любіў размаўляць на гэтыя тэмы. Расказваў, што маці памерла, калі яму было ўсяго трынаццаць гадоў.
«Папік» быў душой кампаніі»
Калі 24 лютага 2022 году пачалася вайна, Вадзім якраз быў у Кіеве.
«Я яму набірала: „Дзе ты, што з табой?“. Казала, каб ехаў дамоў. Ён толькі праз два дні змог прыехаць, бо транспарт стаяў. У яго думкі адразу былі пайсьці абараняць краіну. Ён хацеў запісацца ў тэрытарыяльную абарону, але яго ня бралі, бо беларус. Потым ён у інтэрнэце знайшоў інфармацыю пра батальён Каліноўскага. Ён мне сказаў, што дома сядзець ня будзе, і ня важна, падтрымліваю я яго ці не. „Я іду абараняць краіну сваіх дзяцей. Я ня буду глядзець, як гінуць нявінныя дзеці, я хачу, каб усе дзеці жылі ў вольнай краіне“. І так ён пайшоў», — успамінае Тацяна.
На вайну Вадзім адправіўся 12 сакавіка. Пасьля гэтага жонка бачыла яго толькі аднойчы. За некалькі дзён да гібелі ён атрымаў магчымасьць па ратацыі на тры дні прыехаць дадому.
«У вачах чытаўся нейкі смутак. Ясная справа, калі ты бачыш, як гінуць твае пабрацімы і людзі, якіх ты абараняў, то гэта цяжка. Але ён трымаўся, заставаўся такі самы жывы і рухавы. „Папік“ быў душой кампаніі, дзе яго не было, там было сумна. Ён з усімі знаходзіў супольную мову, падыход. Калі нехта сумуе, то ён падыдзе, патузае, і чалавек тады ўжо ўсьміхаецца. Як у нас кажуць, шыла ў адным месцы ў яго было», — усьміхаецца жонка.
«Малая, не перажывай, я вярнуся»
Тацяна кажа, што ніякага адчуваньня чагосьці кепскага ў Вадзіма тады не было.
«Калі апошні раз сядаў у таксі ля дома, то я пачала плакаць і сказала яму: „Толькі, калі ласка, вярніся“. Ён усьміхнуўся мне, як заўсёды, гыгыкнуў: „Ды, малая, не перажывай, я вярнуся“. Я яму нават казала, што можа досыць ужо, што ты ўжо трошкі паваяваў, ты дзецям патрэбны, яны маленькія, яны растуць. Ён мне на гэта адказаў: „Нічога, малая, вось зараз Севераданецк адстаім, я вярнуся, якраз прыеду на днюху, пасмажым шашлыкі“. 31 жніўня яму было б 44 гады».
Паводле ўдавы, Вадзім шмат не расказваў, што адбывалася на фронце. Толькі ў агульных словах зазначаў, што паехалі на ўсход ці на поўдзень. Апошнім разам Тацяна думала, што ён дзесьці ў раёне Краматорску, а не Лісічанску.
«25 чэрвеня ён мне напісаў: „Мамуля, мы зьехалі“. Гэта былі апошнія ягоныя словы да мяне. Я адказала яму: „Беражы сябе“. І так маё паведамленьне і не было прачытанае. Вядома, надзея заўсёды памірае апошняй. Дзеці і па сёньня лічаць, што ён жывы, і мяне супакойваюць: „Мама, тата жывы, ён вернецца, усё будзе добра“. Першыя дні я ўвогуле адмаўлялася верыць, што ён загінуў. Бо два дні да гэтага ён быў у нас, абдымаў, расцалоўваў. На наступны дзень мне тэлефанавалі ўсе нашы знаёмыя. Ні ў кога не было словаў, ніхто ня верыў. Большасьць проста маўчалі ў слухаўку і ўмываліся сьлязьмі. І цяпер многія ня вераць, як гэта нашага Вадзіма няма. „А хто нам будзе смажыць шашлыкі і забаўляць?“».
Чаму «Папік»?
Пазыўны Вадзім Шатроў атрымаў праз тое, што вельмі любіў украінскі сэрыял «Папік». Дома яго дзеці і жонка таксама часта называлі так.
«Калі ён прыяжджаў дадому, то ня мог пасядзець на месцы, яму трэба было кудысьці бегчы адразу, нешта рабіць, рамантаваць. Ня мог проста сядзець. Калі ён зьяжджаў, то ў нас адразу нешта ламалася: то пральная машына, то нешта адваліцца. Я ўжо яму тэлефанавала і казала, што дома па прыезьдзе будзе чакаць праца», — усьміхаецца Тацяна.
Жонка Вадзіма Шатрова расказвае, што дзеці вельмі любілі бацьку і сумуюць па ім.
«У нас дзеці вельмі „таткавы“ з нараджэньня. Калі я іх вяла ў дзіцячы садок, то яны нармальна гэта ўспрымалі, а ўжо калі тата вёў, то яны адмаўляліся, плакалі, хацелі заставацца зь ім. Тата — гэта аўтарытэт. Цяпер ім вельмі цяжка. Хлопец ёсьць хлопец, і яму патрэбен бацька».
«Папік» любіў дома зрабіць шашлыкі, але часта дзеці прасілі проста раскласьці агонь, а на ім пасмажыць сала і хлеб, для іх гэта была вялікая радасьць.
«Самае страшнае, што няма магілы»
Вадзім апошнія гады хацеў атрымаць украінскае грамадзянства, але рукі да гэтага так і не дайшлі.
«Ён дзівіўся, што шмат беларусаў прыехалі абараняць Украіну. Калі я гаварыла зь яго пабрацімамі, то таксама пыталася, чаму вы прыехалі, ну гэта ж ня ваша вайна, Украіна ваюе, а вы адсюль можаце не вярнуцца. Мой чалавек усё ж жыў тут, у яго дзеці напалову ўкраінцы. Сябра Вадзіма Саша „Кусь“ мне адказаў, што гэта наша супольная вайна і мы мусім дапамагчы адзін аднаму. Ад сябе, украінкі, я скажу, што я вельмі ўдзячная беларусам, іх вельмі шмат, яны кладуць свае жыцьці дзеля нашых дзяцей».
Тацяна расказвае, што хоць Вадзім і ня быў вельмі палітычны, але заўсёды памятаў, што беларус.
«Казаў, што рэжым Лукашэнкі ні да чога добрага не давядзе, хацелася б яго зьмяніць, але, на жаль, адзін ці два чалавекі гэтага зрабіць ня могуць. Апошнім часам у Беларусь ён ня езьдзіў. Дзесьці годзе ў 2010-м я зь ім разам езьдзіла ў Беларусь, а да гэтага за мяжой нідзе не была. Мне было вельмі цікава. Я зь Менску вярнулася зь вельмі добрымі эмоцыямі, хоць ён мне казаў, што гэта звычайны горад і нічога такога, чаго няма ва Ўкраіне, там не пабачыш. Мне вельмі спадабалася. Парадак, чысьціня. У нас ва Ўкраіне, калі хто зьесьць цукерку, то там і выкіне абгортку. І дарогі добрыя».
На сёньня жонка «Папіка» найбольш перажывае, што няма магілы мужа.
«Гэта самае страшнае, што няма магілы. Пакуль я не пахаваю хоць нейкія ягоныя парэшткі, то душа ня будзе спакойнай. Нельга жыць спакойна, пакуль немагчыма прыйсьці да яго, памянуць, пагаварыць».