Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Бахмутам загінуў шматдзетны бацька з Полацку. Ён ваяваў на баку Расеі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Найміт ПВК «Вагнэра» на адной з вуліц Бахмуту
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Найміт ПВК «Вагнэра» на адной з вуліц Бахмуту

У баях пад Бахмутам загінуў 40-гадовы беларус Дзьмітрый Гарлоўскі з Полацку. «Зеркало» высьветліла, што ён ваяваў на баку Расеі. У мужчыны засталося чацьвёра дзяцей.

Дзьмітры Гарлоўскі вырас у Полацку, у дарослым узросьце стаў езьдзіць на заробкі ў Расею. У апошнія гады ён пераехаў жыць у падмаскоўны горад Клін, у 2019-м перавёз туды з Полацку сваю другую жонку. Пашпарт на расейскі ён, імаверна, не мяняў — прынамсі, знаёмыя Гарлоўскага ня чулі, каб ён атрымліваў расейскае грамадзянства, адзначае выданьне.

Паводле інфармацыі «Зеркала», Дзьмітры вырашыў адправіцца на вайну, каб зарабіць грошай: фінансавае становішча сям'і было ня надта добрае. Ці ваяваў ён у шэрагах расейскага войска, ці стаў наймітам ПВК, выданьню дакладна не вядома, але на старонцы ягонай жонкі шмат рэпостаў навінаў менавіта пра ПВК «Вагнэра».

Пасьля навучаньня Зьмітра адправілі на фронт, а ўрэшце перакінулі пад Бахмут. Менавіта там празь месяц Зьміцер загінуў. Як піша выданьне, мяркуючы па ўсім, гэта адбылося 13 траўня, у гэтыя дні ў Бахмуце ішлі цяжкія баі за горад. Жонка Дзьмітрыя на пачатку чэрвеня апублікавала у сацсетках верш, прысьвечаны загінулым салдатам з датай «13.05.2023» і эмодзі сьлёз і разьбітага сэрца. Выглядае, што да гэтага яна ня ведала пра сьмерць мужа.

У ягонай цяперашняй жонкі трое дзяцей: старэйшая дачка ўжо падлетак, сын толькі скончыў першы кляс, а самай малой дзяўчынцы няма і дзевяці месяцаў. Яшчэ адна дачка Дзьмітрыя ад першага шлюбу жыве ў Полацку.

8 чэрвеня палачаніна Дзьмітрыя Гарлоўскага пахавалі ў расейскім Кліне.

  • У траўні ў баях пад Бахмутам панесьлі страты і беларускія добраахвотнікі палку Каліноўскага, якія ваявалі на баку Ўкраіны. Загінулі 5 добраахвотнікаў, сярод іх — заснавальнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі. Яшчэ некалькі байцоў атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці, цяпер іхнаму жыцьцю нічога не пагражае.
  • Баі за Бахмут працягваюцца ўжо 9 месяцаў. Гэты кірунак застаецца адным з самых гарачых пунктаў на фронце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG