«Рашэньне пакінуць у сіле жорсткія і несправядлівыя прысуды, вынесеныя ў сьнежні летась, выклікае глыбокае расчараваньне. Мы не супакоімся, пакуль Ігар ня будзе зноў на волі і не ўзьяднаецца са сваёй сям’ёй, жонкай Дарʼяй і дачкой Паўлінай», — падкрэсьлівае ў сваім камэнтары Джэймі Флай.
31 траўня Вярхоўны суд Беларусі пачаў пры зачыненых дзьвярах разгляд апэляцыяў шасьцёх удзельнікаў так званай «справы Ціханоўскага». На наступны дзень суд пастанавіў пакінуць прысуды бязь зьменаў.
Пазаштатны кансультант Беларускай службы Радыё Свабода Ігар Лосік быў асуджаны ў сьнежні 2021 году судом у Гомлі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Столькі ж атрымаў блогер Уладзімер Цыгановіч.
Чальцы каманды апазыцыянэра Сяргея Ціханоўскага — Арцём Сакаў і Дзьмітры Папоў — былі прыгавораныя да 16 гадоў зьняволеньня. Адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі Мікола Статкевіч — да 14 гадоў. Сам Ціханоўскі, муж дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай, быў асуджаны на 18 гадоў пазбаўленьня волі.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.