Паводле Ціханоўскай, у Расеі «адбываецца хаос, які ўсё больш робіцца падобны да грамадзянскай вайны».
«ПВК пад кантролем Яўгенія Прыгожына кінула выклік афіцыйнай уладзе Расеі з прычыны незадаволенасьці тым, што Расея прайграе вайну супраць Украіны, — канстатавала палітык. — У ФСБ ужо завялі крымінальную справу на Прыгожына, а ў навінах мы бачым, што „вагнэраўцы“ занялі Растоў і Варонеж. Расейская дыктатура разьвязала вайну супраць Украіны, а зараз прынесла яе ў свой уласны дом. Гэты досьвед павінен запомніць кожны, хто жадае пачаць або падтрымаць агрэсіўную вайну: вайна паглынае ўсё вакол сябе».
Ціханоўская заявіла, што Пуцін і Аляксандр Лукашэнка «спрабуюць уцягнуць у вайну і нашу Беларусь», прыкрываючыся так званай «саюзнай дзяржавай».
«Яны кажуць: Расея — ваш саюзьнік. Але гэты саюзьнік нясе хаос, вайну, крызіс. Пуцін можа паспрабаваць уцягнуць беларускіх вайскоўцаў у свой унутраны канфлікт, каб ён стаў і нашым канфліктам таксама. Я хачу заклікаць беларускіх дыпляматаў, вайскоўцаў і сілавікоў памятаць, што ў нас, беларусаў, свае нацыянальныя інтарэсы. Ні Пуцін, ні Прыгожын — не сябры Беларусі, і вы не павінны выбіраць іхны бок», — сказала яна.
Дэмакратычная лідэрка падкрэсьліла, што беларусы «павінны абараняць сваю краіну». «Як гэтая сытуацыя паўплывае на Беларусь, залежыць толькі ад нас з вамі. Галоўная задача ўсіх беларусаў зараз — захаваць бясьпеку і сувэрэнітэт у Беларусі. Выратаваць нашу краіну ад таго, у што ператварылася Расея. Мы павінны быць гатовыя да кожнага сцэнара», — сказала палітык.
Зьвяртаючыся да беларускага войска, Ціханоўская заявіла, што нельга «разьлічваць на лёс» і спадзявацца, што «Расея пакіне Беларусь у спакоі». На яе думку, цяпер «найлепшы шанец выгнаць расейскіх вайскоўцаў з нашай краіны», бо «калі гэты шанц будзе змарнаваны, Расея зробіць з намі гэтак жа, як учыніла з Украінай».
«Расея не змагла ўцягнуць беларусаў у ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне, — адзначыла яна. — Мы не павінны дазволіць, каб Беларусь была ўцягнутая ў ваенныя дзеяньні ў Расеі, і самае галоўнае, мы не павінны дапусьціць ваенных дзеяньняў Расеі ў нас дома, у Беларусі. Беларусь павінна закрыць мяжу з Расеяй і пачаць вывад расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі».
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.