У расейскай сталіцы Маскве знайшлі мёртвым 92-гадовага фізік-атамніка Рыгора Клінішова — аднаго са стваральнікаў першай савецкай двухступеннай тэрмаядзернай бомбы РДС-37, паведамляе ТАСС. Як заявілі агенцтву ў экстраных службах, вучоны зрабіў самагубства.
Што стала прычынай суіцыду, пакуль невядома.
Клінішоў нарадзіўся ў 1930 годзе. Ён кандыдат фізыка-матэматычных навук, ляўрэат Ленінскай прэміі 1962 году.
Акрамя бомбы РДС-37, фізык таксама распрацаваў некалькі тыпаў тэрмаядзерных зарадаў бомбаў наступных пакаленьняў.
Выпрабаваньне тэрмаядзернай бомбы РДС-37 адбылося 22 лістапада 1955 году на палігоне ў Сяміпалацінску. Ударная хваля тады пашкодзіла будынкі ў 59 населеных пунктах. Шкло ў дамах вылятала ў радыюсе да 200 кілямэтраў ад эпіцэнтру выбуху. Некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі траўмы. Вядома аб гібелі трохгадовага дзіцяці і аднаго вайскоўца.