Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба прызнаць Беларусь акупаванай», — украінскі дэпутат, які прапанаваў абвясьціць Беларусь краінай-агрэсарам


Яраслаў Юрчышын
Яраслаў Юрчышын

У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістравалі праект пастановы аб прызнаньні Беларусі краінай-агрэсарам. Як кажа ініцыятар пастановы дэпутат Яраслаў Юрчышын, «адказнасьць мае несьці і краіна, з тэрыторыі якой учыняецца расейская агрэсія».

У інтэрвію Свабодзе Premium Юрчышын расказаў, чаму такі крок сёньня важны для Ўкраіны, чаго ён спадзяецца ад такой пастановы і пры якіх умовах Беларусь не павінна была б выплачваць Украіне рэпарацыі.

Паводле Юрчышына, раней улады Ўкраіны не жадалі ўздымаць пытаньне аб прызнаньні Беларусі краінай-агрэсарам, каб не справакаваць яе ўдзел у поўнамаштабнай вайне. Рубіконам, на думку дэпутата, стала згода Лукашэнкі разьмясьціць у Беларусі ядзерную зброю Расеі.

«Гэтая ініцыятыва цалкам адпавядае бачаньню ўкраінскага грамадзтва. Мы шалёна ўдзячныя беларускім героям зь беларускага палку Каліноўскага, але на жаль, пакуль полк ваюе і пралівае сваю кроў у барацьбе з ключавымі дыктатарамі Эўропы, Пуціным і Лукашэнкам, у той самы час Беларусь, якая дагэтуль актыўна не змагаецца (мы разумеем чаму, але факт ёсьць фактам), і вось тая Беларусь пагаджаецца на разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі. Мы і так ужо маем вялікую мяжу са звар’яцелым дыктатарам, у якога ёсьць ядзерная зброя. Цяжка сабе ўявіць наступствы, калі ядзерная мяжа з краінай-агрэсарам пашырыцца яшчэ і на ўсю мяжу Беларусі», — кажа Юрчышын.

Паводле яго, як толькі ў Беларусі зьменіцца ўлада, адбудзецца перагляд адносінаў з Украінай, але пакуль у Беларусі пануе аўтарытарны рэжым Лукашэнкі, то краіна мае адказваць за агрэсію супраць Украіны і выплачваць рэпарацыі. Дэпутат падкрэсьлівае, што мэта Ўкраіны — пакараць уладу ў Беларусі, а не беларусаў.
«Тут дзіўная пазыцыя часткі беларускай апазыцыі, калі яны змагаюцца з Лукашэнкам, але ў той жа час не гатовыя ціснуць на яго, каб праз санкцыі і рэпарацыі ён быў вымушаны выйсьці з гэтай вайны», — дадае ўкраінскі палітык.

Ён нагадвае, што пакуль Вярхоўная Рада не прыняла гэтую пастанову і яна ўсё яшчэ застаецца прапановай. Але, паводле Юрчышына, для беларускай апазыцыі, і ў тым ліку для Сьвятланы Ціханоўскай, больш правільна было б падтрымаць украінскія патрабаваньні рэпарацый.

«Пакуль Лукашэнка застаецца афіцыйным кіраўніком Беларусі, мы будзем ставіць пытаньні і пра санкцыі, і пра рэпарацыі, і ўсімі сіламі будзем дапамагаць пані Ціханоўскай і беларускай апазыцыі быць больш рашучымі», — кажа Яраслаў Юрчышын.

У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістраваная і іншая пастанова наконт Беларусі — пра прызнаньне яе тэрыторыі акупаванай Расеяй. Дэпутат Юрчышын кажа, што ён падтрымлівае гэты дакумэнт і лічыць, што ён павінен быць прыняты першым.

«Было б вельмі правільным спачатку прызнаць Беларусь акупаванай, і мы вядзем працу ў гэтым напрамку. Па-другое, трэба правесьці перамовы з тымі, каго беларускі народ прызнае сваімі прадстаўнікамі ва ўмовах акупацыі, на дадзены момант гэта асяродзьдзе пані Ціханоўскай і кіраўніцтва палку Каліноўскага. І пазьней ужо варта вызначыцца, ці патрэбныя рэпарацыі як зьява. Калі мы зразумеем, што будучы беларускі дэмакратычны ўрад будзе максымальна спрыяць аднаўленьню Ўкраіны ў тых рамках, якія не патрабуюць рэпарацый, то давайце гаварыць пра гэты сцэнар», — канстатуе Яраслаў Юрчышын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG