Zerkalo. io дазванілася ў Івацэвіцкі раённы аддзел унутраных справаў. Журналісты, прадставіўшыся сваякамі затрыманага Аляксандра Быкава, спыталіся пра яго лёс:
— Спрабуем знайсьці Аляксандра Леанідавіча Быкава, яго затрымалі ў вас у Івацэвічах 17 чэрвеня, ён не выходзіць на сувязь.
— Ён у вайсковай частцы тут, дзе і быў.
— Дык яго не затрымалі, назад вярнулі?
— Вядома. Прыехалі яго камандзіры, забралі і адвезьлі ў вайсковую частку. Усё нармальна, жывы-здаровы. Можаце жонцы яго патэлефанаваць, яна зьехала дадому.
— Яго ня будуць судзіць? Ён жа там п’яны быў.
— Не. Яго пакаралі штрафам, штраф жонка аплаціла, і ўсё.
— А вялікі штраф, не ведаеце?
— Не, — адказаў міліцыянт... — Не хвалюйцеся, усё нармальна.
У камэнтары да гэтага дыялёгу Zerkalo. io дадае, што ў Беларусі знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане падпадае пад ч. 1 артыкулу 19.3 КаАП і караецца штрафам да 8 базавых велічыняў.
Кіраваньне аўтамабілем у стане алькагольнага ап’яненьня — гэта ўжо крымінальная адказнасьць. Па артыкуле 317-1 КК за гэта можна атрымаць папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, або абмежаваньне волі са штрафам, або пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.
Таксама, як відаць з апублікаванага ў Ютубе відэа, Аляксандар Быкаў нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы. Жанчына, якая была з кампаніяй, таксама мацюкалася ў бок супрацоўнікаў АМАПу і ДАІ, а яшчэ размахвала рукамі. Часта ў пратаколах, якія складаюць на беларусаў, затрыманых з палітычных матываў, указваюць, што яны нецэнзурна лаяліся пры міліцыі. Пасьля гэтага людзей адпраўляюць на «суткі» па артыкуле 19.1 КаАП за хуліганства.
- Увечары 17 чэрвеня ў Івацэвічах міліцыя затрымала кампанію нецьвярозых расейцаў на машыне з сымбалем Z. Адзін з мужчын, як высьветлілася, — расейскі вайсковец Аляксандар Быкаў. У Беларусі ён знаходзіцца па службе ў падразьдзяленьні, якое ўваходзіць у рэгіянальную беларуска-расейскую групоўку войскаў.
- Як пазьней высьветлілася, кампанію затрымалі за п'яную язду і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Працэс затрыманьня быў зьняты відавочцам, на ім расейцы гавораць гучна і неаднаразова нецэнзурна.
- Адзін з расейцаў, затрыманых суботнім вечарам каля аднаго з гандлёвых цэнтраў Івацэвічаў, прадставіўся Аляксандрам Леанідавічам Быкавым. Яму 41 год, ён з Санкт-Пецярбургу. 28 красавіка 2023 году Аляксандар Быкаў падпісаў кантракт на два гады з расейскім Міністэрствам абароны.
- Пасьля заключэньня кантракту радавога запасу Быкава залічылі стралком у 283 полк 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі. Гэтае злучэньне ўваходзіць у склад 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Заходняй вайсковай акругі. 20-я гвардзейская агульнавайсковая армія ўваходзіць у склад рэгіянальнай беларуска-расейскай групоўкі войскаў.
- Падразьдзяленьне Аляксандра Быкава можа знаходзіцца непадалёк ад Івацэвіч, на Обуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне. Там пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну навучаюцца часткі расейскага кампанэнту рэгіянальнай групоўкі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.