Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хімічная кастрацыя для адводу вачэй


Каляж
Каляж

Піша Наста Захарэвіч.

Аказалася, што ў барацьбе з пэдафіліяй у Беларусі таксама свой унікальны шлях. Яшчэ дзевяць гадоў таму МУС было супраць хімічнай кастрацыі пэдафілаў і спасылалася на мэдыкаў, якія ацэньвалі гэтую працэдуру як неэфэктыўную для прафіляктыкі сэксуальнага гвалту, а цяпер Генэральная пракуратура Беларусі абвяшчае, што прымусовай хімічнай кастрацыі ў Беларусі — быць.

Мяне дакладна цяжка западозрыць у якой-кольвек сымпатыі ці клопаце пра людзей, якія ўчыняюць сэксуальны гвалт — я пацярпела ад пэдафіла ў дзяцінстве і перажыла спробу згвалтаваньня ў дарослым узросьце. З прычыны такой асабістай гісторыі можна падумаць, што я мушу радавацца новай заканадаўчай ініцыятыве, але не. Радавацца тут дакладна няма чаму, бо гэтая ініцыятыва — зусім не пра клопат аб дзецях.

Давайце па парадку. Што прыдумала Генпракуратура і што спадабалася Лукашэнку? Гэтыя заканатворцы распрацавалі нейкі клінічны пратакол, у якім ёсьць альгарытм лячэньня пэдафіліі (у тым ліку хімічнай кастрацыяй), а таксама хочуць караць за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных стасункаў, зьмены полу, пэдафіліі і чайлдфры» і ўвесьці ў школьную праграму абавязковы курс на тэму сэксуальнай асьветы. А што з гэтым ня так? Прыблізна ўсё, але найперш — тое, што клопатам пра дзяцей так званыя ўлады прыкрываюцца, каб увесьці людажэрскі закон, накіраваны супраць усіх, хто недастаткова прапагандуе так званыя традыцыйныя каштоўнасьці.

Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што хімічная кастрацыя — не беларуская прыдумка. Яна прымяняецца ў Польшчы, некаторых штатах ЗША, Канадзе, Эстоніі (толькі добраахвотная) і іншых краінах. І паўсюль яе крытыкуюць мэдыкі і псыхолягі, цьвердзячы, што хімічная кастрацыя не дапамагае абараняць дзяцей ад гвалту. Праваабаронцы таксама спасылаюцца на той факт, што, прымяняючы хімічную кастрацыю да псыхічна здаровых злачынцаў, улады фактычна практыкуюць карную псыхіятрыю і ўзаконьваюць катаваньні.

Пра сапраўднае стаўленьне Лукашэнкі да дзяцей добра вядома яшчэ з часоў, калі ён адмяніў шматгадовую распрацоўку закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту і публічна прызнаўся ў зьбіцьці старэйшага сына і запужваньні сярэдняга. Дужа паказальная і гісторыя 16-гадовага Цімура, які ў 2020 годзе трапіў у рэанімацыю спачатку пасьля затрыманьня і катаваньняў, а пасьля яшчэ раз ужо пасьля допыту па палітычнай справе. Нікога з катаў не пакаралі, а доктарку, якая «падпісала паперы, што дапытваць яго нельга», асудзілі на тры гады хатняй хіміі. Дый наяўнасьць у Беларусі палітзьняволеных дзяцей — яскравы паказчык таго, наколькі дзяржава клапоціцца пра дзіцячы дабрабыт.

На фоне гэтага ўсяго новыя ініцыятывы, нібыта накіраваныя на абарону дзяцей, выглядаюць дужа падазрона. Няўжо «палітыка партыі» зьмянілася, і цяпер у Беларусі будуць клапаціцца пра малых? На жаль, не. Цяпер імі проста будуць прыкрывацца, каб прыняць гамафобны закон і ўзаконіць дыскрымінацыю нават тых, хто сьвядома абірае ня мець дзяцей. У адзін шэраг злачынцаў трапілі гомасэксуальныя і трансгендэрныя людзі, пэдафілы і чайлдфры.

У гэтым так шмат абсурду, што цяжка вызначыцца, з чаго ўвогуле пачаць — з таго, што пэдафілію можна прапагандаваць з такім жа посьпехам, як рак страўніка ці дэмэнцыю, ці з таго, што прапагандай чайлдфры звычайна называюць сьведчаньні жанчын пра праблемы, зь якімі ім давялося сутыкнуцца праз мацярынства. І дужа цікава, як жа ў межах гэтай дзяржаўнай канцэпцыі будуць выглядаць урокі сэксуальнай асьветы. Здаецца, я гатовая нават пайсьці ў заклад на грошы, што там будзе антынавуковае трызьненьне пра шкоду сучасных мэтадаў кантрацэпцыі, грахоўнасьць аборту, мітычны постабортны сындром і сэкс як штосьці патрэбнае толькі для зачацьця. А з часам, глядзіш, і да катаваньняў негетэрасэксуальных падлеткаў дойдуць, назваўшы гэта канвэрсійнай тэрапіяй.

А хімічную кастрацыю будуць рабіць, як палічаць патрэбным. І людзям, хворым на пэдафілію, і звычайным злачынцам-гвалтаўнікам. І няважна, што дзяцей гэта не абароніць, бо гвалт — гэта найперш пра ўладу, а не пра сэксуальны інтарэс. Дзеці ва ўсёй гэтай гісторыі — проста прыкрыцьцё для людажэрскіх ініцыятыў, якія, па вялікім супадзеньні, яшчэ мацней збліжаюць Беларусь і Расею ў іх барацьбе зь «бездухоўным Захадам».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG