Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пратэзам яшчэ не карыстаецца». Палітвязень Уладзімер Гундар прыслаў першы ліст з бабруйскай калёніі


Ўладзімер Гундар, архіўнае фота
Ўладзімер Гундар, архіўнае фота

7 чэрвеня Гундара этапавалі з горадзенскай турмы ў бабруйскую калёнію. Цяпер ён знаходзіцца на карантыне.

Атрыманы сваякамі ліст датаваны 12 чэрвеня. У ім палітвязень амаль не раскрывае дэталяў свайго этапу і самаадчуваньня.

«Этап быў доўгі і, хутчэй за ўсё, цяжкі, але Ўладзімер пра гэта ня піша. Затое адзначыў, што ўпершыню за два гады несправядлівага зьняволеньня атрымаў магчымасьць пісаць ліст за сталом, а не на каленцы. Але ёсьць і непрыемнасьць: падчас этапаваньня пазбавіўся двух сшыткаў зь біблейскімі складанкамі», — паведаміла сваячка Ўладзімера Гундара.

Краязнаўца і выдавец з Баранавіч Уладзімер Гундар асуджаны ажно ў трох крымінальных справах, агулам на 20 гадоў зьняволеньня. У СІЗА Гундар вывучаў Біблію і рабіў нататкі і камэнтары аб прачытаным. У чэрвені, пасьля адхіленьня апэляцыі на прысуд у справе аб зьнявазе пракурора, Гундара адправілі са сьледчай турмы ў Горадні ў папраўчую калёнію № 2 у Бабруйску.

Уладзімер Гундар мае інваліднасьць, бо ў яго няма адной нагі. Больш за 2 гады, праведзеныя ў сьледчых ізалятарах, Гундару забаранялі карыстацца пратэзам, давялося перасоўвацца на мыліцах. Сваякі спадзяюцца, што ў калёніі пратэз дазволяць.

«Аб пратэзе яшчэ нічога ня ведае, пакуль ня кажуць. Напісаў, што пачуваецца нармальна, без дэталяў. Пра тое, як харчуецца ў новых умовах, таксама мінімум. Нібыта ўсё нармальна. Будзем чакаць новага ліста», — кажуць сваякі палітвязьня.

Нядаўна Ўладзімеру Гундару споўнілася 63 гады. Сваякам вязьня вядома, што адміністрацыя калёніі запатрабавала ад яго пераафармленьня інваліднай пэнсіі на пэнсію па ўзросьце.

«У райсабесе (аддзел адміністрацыі раёну, які займаецца сацыяльным забесьпячэньнем. — РС) кажуць, што інвалідная пэнсія ў яго пажыцьцёвая, а працоўнай пэнсіі ўсё роўна не атрымаецца, бо ў яго ня хопіць страхавога стажу. То бок праблема яшчэ не вырашаная, нэрваў і часу давядзецца патраціць шмат», — кажа сваячка палітвязьня.

Уладзімер Гундар — фігурант «справы аб тэрарызьме», у якой таксама асудзілі вядомага прадпрымальніка і праваабаронцу з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча. Як і Аўтуховіч, Гундар не прызнаў віны. Праваабаронцы прызналі Ўладзімера Гундара палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG