Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 19 чэрвеня: У Бабруйску за ўдзел у менскіх акцыях пратэсту асудзілі траіх


Сілавікі. Архіўнае фота
Сілавікі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

У канцы мінулага тыдня ў Менску затрымалі Сяргея Паніна, паведамляюць праваабаронцы. Дома ў яго правялі ператрус, цяпер Сяргей у турме на Акрэсьціна.

У 2021 годзе Сяргею прызначылі 15 дзён арышту за сьцяг Канады ў акне кватэры. Тады ён тлумачыў, што падчас моладзевага чэмпіянату сьвету ў хакеі заўзеў за зборную Канады, таму і вывесіў сьцяг.

У Бабруйску за ўдзел у менскіх акцыях пратэсту асудзілі трох чалавек

У судзе Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску 19 чэрвеня паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») асудзілі адразу трох чалавек, піша «Вясна».

Жыхароў Бабруйску абвінавацілі ва ўдзеле ў пасьлявыбарных акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе.

Палітзьняволеную актывістку Галіну Сьмірнову асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі», Аляксандра Леаненку — на 1 год і 6 месяцаў «хатняй хіміі», а палітзьняволенага Андрэя Сініцу — на 3 гады «хіміі».

У справе адбылося адно пасяджэньне. На ім пракурор пасьпеў запрасіць для палітвязьняў тэрміны.

Галіна Сьмірнова ўтрымлівалася пад вартай з 24 сакавіка 2023 году. Жыхара Бабруйску Андрэя Сініцу затрымалі раніцай 10 сакавіка 2023 году пасьля ператрусу. Адразу яго арыштавалі на 15 дзён паводле арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», пасьля чаго на волю ён ужо ня выйшаў.

Палітзьняволеных Галіну Сьмірнову і Андрэя Сініцу пасьля абвяшчэньня выраку вызвалілі ў залі суду.

Былому палітвязьню прызначылі 3 сутак арышту

Былога заснавальніка і выдаўца «Новай газеты Смаргоні» Рамуальда Ўлана затрымалі 16 чэрвеня ў Смаргоні.

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 19 чэрвеня адбыўся суд — старшыня суду Смаргонскага раёну Дзьмітрый Багдановіч прызнаў Рамуальда вінаватым у парушэньні артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і прызначыў 3 сутак арышту, якія Улан ужо адбыў да суду.

Рамуальд Улан у студзені 2021 году быў асуджаны на 2,5 года «хіміі». Яму паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў нібыта заведама непраўдзівыя зьвесткі, якія ганьбяць гонар і годнасьць сілавікоў. У траўні стала вядома, што яго вызвалілі па амністыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG