На падставе даных Стакгольмскага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI) складзены рэйтынгі вайсковых выдаткаў краін сьвету ў адносінах да ВУП і на душу насельніцтва, піша «Народная Воля».
Усяго на падставе даных SIPRI былі ацэнены вайсковыя выдаткі 158 краін як у працэнтах ад іх агульнага ВУП, так і ў сярэднім на душу насельніцтва. Было вырашана ўзяць сярэдняе значэньне вайсковых выдаткаў за пяць гадоў (2018–2022 гады).
У выніку экспэрты вылучылі тры катэгорыі краін. У катэгорыю з высокім узроўнем вайсковых выдаткаў (звыш 5 працэнтаў ад ВУП) трапілі 7 дзяржаў. Да групы зь сярэднім узроўнем (2-5% ад ВУП) былі аднесеныя 44 краіны. У групу з нізкім узроўнем (менш за 2% ад ВУП) былі ўключаныя 107 краін.
На верхнім радку рэйтынгу знаходзіцца Украіна, якая за апошнія пяць гадоў вылучыла на абарону ў сярэднім 9, 46% свайго ВУП. Гэта больш, чым у Савудаўскай Арабіі, якая заняла другое месца з паказчыкам 8, 19%.
У выпадку з Украінай яе высокі рэйтынг паказвае, як хутка могуць мяняцца прыярытэты. З 2018 па 2021 год краіна выдаткоўвала 3,2 — 3,8% свайго ВУП на ўзброеныя сілы, але з пачаткам вайны з Расеяй гэтыя выдаткі рэзка падскочылі.
Далей у рэйтынгу ідуць некаторыя краіны Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі: Аман займае трэцяе месца з 8,11%, Катар — чацьвёртае з 5,88%. Замыкаюць сямёрку краін з высокімі выдаткамі Альжыр, Кувэйт і Ізраіль.
Сярэдняя група складаецца з 44 краін і ўзначальваецца чатырма дзяржавамі (Ярданія, Армэнія, Азэрбайджан і Лібан), кожная зь якіх траціць больш як 4 працэнты свайго ВУП на ўзброеныя сілы. Іншыя краіны, вядомыя сваімі вялікімі вайсковымі бюджэтамі, такія як Расея, Пакістан, ЗША, Індыя і Вялікабрытанія, таксама адносяцца да гэтай катэгорыі.
Група зь нізкім узроўнем выдаткаў уключае ў сябе 107 краін і мае некаторыя сюрпрызы. Напрыклад, Кітай, Францыя і Нямеччына ўваходзяць у першую дзясятку краін па абсалютных вайсковых выдатках, хоць насамрэч маюць такі ж аб’ём вайсковых выдаткаў у працэнтах ад ВУП, як, напрыклад, Грузія, Кіпр ці Паўночная Македонія.
Беларусь па долі вайсковых выдаткаў ад ВУП займае 108-е месца. У сярэднім з 2018-га па 2022 год выдаткі на гэтыя мэты складалі 1,18 працэнта ВУП. Гэта менш, чым ва ўсіх краінах, якія суседзяць зь Беларусьсю.
У той жа час вайсковыя выдаткі ў пераліку на душу насельніцтва паказваюць, колькі краіны выдзяляюць на абарону адносна колькасьці свайго насельніцтва.
У гэтым рэйтынгу лідзіруе Катар з выдаткамі на душу насельніцтва ў памеры 4564 даляраў ЗША, значна апярэджваючы Ізраіль з паказьнікам 2535 даляраў і Савудаўскую Арабію з паказьнікам 1928 даляраў.
Беларусь у гэтым сьпісе займае 80-е месца з сярэднімі выдаткамі на чалавека ў 80 даляраў.