Прадстаўнікі Ізраіля рэзка раскрытыкавалі словы прэзыдэнта Расеі аб украінскім лідэры Уладзіміры Зяленскім. Учора падчас выступу на Пецярбургскім эканамічным форуме Уладзімір Пуцін назваў прэзыдэнта Украіны «ганьбай габрэйскага народа» (так яму нібыта паведамілі яго габрэйскія сябры, якіх Пуцін не назваў).
Галоўны рабін Украіны Мошэ Рувэн Асман заявіў, што ганарыцца Зяленскім, які не пакінуў краіну ў пачатку вайны, нягледзячы на небясьпеку для жыцьця. «Я і ўсё габрэйскае грамадзтва Украіны, як і ўвесь свабодны сьвет, падтрымліваем прэзыдэнта Зяленскага», — прыводзіць словы рабіна выдахне «Украіна Зараз».
Праваабаронца і сябра назіральнай рады комплексу «Бабін Яр» Натан Шчаранскі адзначыў, што ўкраінцы могуць ганарыцца выбарам габрэя-прэзыдэнта, які адыгрывае гістарычную ролю ў абароне будучыні.
У сваю чаргу пасол Украіны ў Ізраілі Яўген Карнійчук падкрэсьліў, што Кіеў чакае асуджэньня Пуціна з боку ізраільскага ўрада. У адваротным выпадку намечаны на бліжэйшы час візыт жонкі Зяленскага ў Ізраіль будзе перанесены або адменены, паведаміў Карнійчук. Дыплямат назваў камэнтары расейскага прэзыдэнта антысэміцкімі і накіраванымі супраць габрэйскага народа.