Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апроч мілітарызацыі, рэжым ня бачыць іншага спосабу пратрымацца пры ўладзе яшчэ нейкі час, — філёзаф Павал Баркоўскі


Беларускія вайскоўцы ўзмоцнена ахоўваюць дзяржаўную мяжу з Украінай у Гомельскім раёне, 11 красавіка 2023 года. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія вайскоўцы ўзмоцнена ахоўваюць дзяржаўную мяжу з Украінай у Гомельскім раёне, 11 красавіка 2023 года. Ілюстрацыйнае фота

Філёзаф Павал Баркоўскі адказвае на пытаньне, чаму лукашэнкаўская ўлада ня здольная стварыць уласную ідэалёгію, заяўляе, што мілітарызацыя грамадзтва — фактычна адзіны выбар для менскага рэжыму і адказвае на пытаньне, ці магчымы рух Беларусі ў кірунку Паўночнай Карэі.

Сьцісла:

  • Улада добра разумее, што яе сацыяльная падтрымка вельмі нізкая.
  • Акрамя як рэпрэсіямі, застрашваньнем людзей гэты рэжым ня бачыць ніякай магчымасьці ўтрымліваць уладу.
  • Мілітарызацыю рэжым разглядае як адзіны для сябе выбар, каб пратрымацца пры ўладзе яшчэ нейкі час.
  • Пры пэўных высілках з любога грамадзтва можна зрабіць паслухмяных рабоў ці ўра-патрыётаў.
  • Рэжым добра зразумеў у 2020 годзе, што ўсе гэтыя БРСМы былі бутафорскімі арганізацыямі.

— У Беларусі працягваюцца масавыя палітычныя рэпрэсіі. Прытым, нярэдка яны кранаюць ня толькі тых людзей, якія цяпер рэальна праяўляюць нейкую нязгоду. Пад перасьлед трапляюць тыя, хто нейкім чынам выявіў сваю грамадзкую актыўнасьць у 2020-м альбо ў наступныя гады. Які стратэгічны сэнс у працягу рэпрэсіяў? Ці гэта толькі тактычная задача ўтрыманьня ўлады? Альбо рэжым ставіць задачу праз рэпрэсіі стварыць нейкае новае грамадзтва, супольнасьць цалкам паслухмяных і ляяльных людзей?

Павал Баркоўскі
Павал Баркоўскі

— Тут ня варта казаць пра «альбо — альбо». Фактычна размова ідзе найперш пра ўтрыманьне ўлады. Рэжым добра разумее, што ягоная сацыяльная падтрымка вельмі нізкая. Беларусы вельмі незадаволеныя — і адсутнасьцю пераменаў, і тым, што замест пазытыўных пэрспэктываў ім прапануюць толькі гуртавацца супраць уяўнага ворага.

Таму акрамя як рэпрэсіямі, застрашваньнем людзей, гэты рэжым ня бачыць ніякай магчымасьці ўтрымлівацца пры ўладзе. Яны баяцца, што любое паслабленьне рэжыму адразу прывядзе да сацыяльнага выбуху. Нават і зараз мы бачым, што людзі ня хочуць цярпець у тых сфэрах, якія яны лічаць важнымі для сябе. Як, напрыклад, сытуацыя з пералікам балаў на іспытах, ці пытаньні мэдыцыны.

Гэта ўсё можа штурхаць людзей на тое, каб выказваць сваю незадаволенасьць уладай. І калі не падтрымліваць каток рэпрэсіяў, то гэта незадаволенасьць можа ў любы момант перарасьці ў нешта большае.

— Але ці ставяць улады задачу стварыць нейкую ідэалёгію, каб выбудаваць новае грамадзтва, адрознае ад таго, што было да 2020 году? Скажам, паводле кітайскіх ці нават паўночнакарэйскіх узораў.

— Ня тое, каб у іх быў вялікі выбар. Здаецца, яны бачаць адзіны магчымы ўзор — мілітарысцкі варыянт грамадзтва, што ўжо праяўляецца ў тэндэнцыі вайсковага навучаньня дзяцей, стварэньня ваенных гурткоў, правядзеньня збораў.

Гэта, сапраўды, прыблізна тое самае, што робіцца ў Паўночнай Карэі, Кітаі, — дзе на мілітарысцкім гартаваньні грамадзтва спрабуюць будаваць падмурак існаваньня ўлады.

Гэта дрэйф нават ня тое, каб вельмі пажаданы для лукашэнкаўскага рэжыму — а проста адзіны, які ён для сябе бачыць. У сытуацыі вайны, у сытуацыі, калі бліжэйшы саюзьнік мілітарызуецца да немагчымасьці. Таму мілітарызацыю яны разглядаюць як адзіны для сябе выбар, каб пратрымацца пры ўладзе яшчэ нейкі час.

— Улады даўно спрабавалі «пашыхтаваць» грамадзтва, стваралі БРСМ, піянэрскую арганізацыю, заганялі ўсіх у прафсаюзы, а начальства — у «Белую Русь». І вялікага посьпеху ўсё гэта ня мела. Новыя спробы ў новай сытуацыі могуць мець плён, прывесьці да якіх-небудзь іншых вынікаў?

— Гэта такое ўраўненьне, дзе галоўнае — час і колькасьць прыкладанай сілы. У прынцыпе, зь любога грамадзтва можна зрабіць паслухмяных рабоў ці ўра-патрыётаў, гатовых нападаць на суседнюю краіну.

Пытаньне ў тым, ці ёсьць на гэта час у рэжыму. Раней яны, па вялікім рахунку, імітавалі савецкую ідэалёгію, тое, што яны лічылі вартым рэанімаваць з савецкіх часоў. І лічылі, што гэтых «фанэрных» БРСМа і піянэрыі было дастаткова, каб кантраляваць грамадзтва.

Але аказалася, што без моцнай ідэалёгіі ўсе гэтыя арганізацыі былі выключна бутафорскімі. Рэжым гэта вельмі добра зразумеў у 2020 годзе. Таму цяпер ён спрабуе больш такіх памылак не рабіць.

Яму ўжо не патрэбныя «пацёмкінскія вёскі», зараз узяты курс на тое, каб ствараць арганізацыі, якія будуць сапраўды выхоўваць моладзь і дзяцей у шавіністычна-патрыятычным духу, любові да дзяржавы, прэзыдэнта і гэтак далей. Калі на гэта будзе дастаткова часу, калі працэс расьцягнецца на дзясяткі гадоў — то ў выніку можа атрымацца грамадзтва, падобнае на паўночнакарэйскае.

Але тут, па-першае, міжнародны кантэкст ня вельмі спрыяльны. Бо ўсё моцна залежыць ад сытуацыі на расейска-украінскай вайне, а пазыцыі Масквы там ня надта ўпэўненыя і моцныя.

Па-другое, кантэкст у нас усё ж такі эўрапейскі. І мэнталітэт, і гісторыя, і глябальныя сувязі са сьветам не дазваляюць эфэктыўна маніпуляваць грамадзкай думкай і выхаваньнем дзяцей у пэўным духу. Усё ж такі цяжка будаваць Паўночную Карэю ў Эўропе — калі наагул магчыма.

— А калі адключыць замежны інтэрнэт, як у Кітаі?

— Мне падаецца, пры сучасным узроўні тэхналёгіяў стала нашмат лягчэй абыходзіць розныя забароны. Можна прыдумваць новыя тэлекамунікацыйныя спосабы — той жа спадарожнікавы інтэрнэт, Starlink.

Яны дазваляюць карыстацца інтэрнэтам незалежна ад волі дзяржавы, якая кантралюе гэтую тэрыторыю. Ды і настрой людзей тут выконвае ролю. Мне падаецца, вельмі цяжка кантраляваць грамадзтва, у якім выразная большасьць выступала супраць улады.

— Чаму рэжыму так і не ўдаецца стварыць уласную выразную ідэалёгію? Яны пераймаюць альбо савецкія, альбо сучасныя расейскія ўзоры. Чым цяперашняя беларуская прапаганда адрозьніваецца ад таго, што было да 2020 году?

— Рэжым даўно хацеў бы стварыць уласную ідэю чучхэ, нейкага дзяржаўнага ідэала, які б моцна гуртаваў грамадзянаў вакол цэнтральнай фігуры лідэра. Насамрэч, для такіх рэальных праектаў стварэньня фактычна карпаратыўнай фашысцкай дзяржавы ўладзе не хапае ні ўдалых выканаўцаў, ні ідэолягаў, якія маглі б прывабіць хаця б нейкую частку грамадзтва.

Пакуль што большая часта прыхільнікаў улады — гэта тыя, хто так ці іначай зьвязаныя з сілавым ці чыноўніцкім блёкам (а іх даволі шмат), ці тыя, хто знаходзяцца ў палоне папярэдняй савецкай ідэнтычнасьці.

Гэтыя людзі падтрымліваюць уладу выключна з прычыны таго, што ў прынцыпе гатовыя падтрымліваць любую ўладу. Ці гатовыя падтрымаць тых, хто абяцае вяртаньне ў сьветлае савецкае мінулае. На гэтай карце рэжым і сядзіць, і асабліва адмовіцца ад яе ня можа.

Але калі разыгрываць гэтую карту да канца, то ў людзей можа ўзьнікнуць пытаньне: «Чаму Лукашэнка, а ня Пуцін?» Бо Пуцін у такой парадыгме выглядае нашмат больш прывабным лідэрам — з ягонымі прэтэнзіямі на сусьветнае панаваньне, з праектам «вялікай Расеі».

Калі менскі рэжым будзе працягваць ісьці такім шляхам, гэта можа скончыцца тым, што ліквідуюць беларускую аўтаномію і пасадзяць тут звычайнага расейскага губэрнатара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG