Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва рыхтуе сьпіс тавараў, якія забароняць правозіць транзытам у Беларусь і Расею


Літоўскі пункт пропуску Лаварышкі на мяжы зь Беларусьсю
Літоўскі пункт пропуску Лаварышкі на мяжы зь Беларусьсю

Міністэрства эканомікі і інавацыяў Літвы зарэгіструе прапанову аб стварэньні сьпісу тавараў падвойнага прызначэньня, якія забароняць правозіць празь Літву ў Беларусь і Расею.

Пра гэта паведамляе партал DELFI.

«На працягу некаторага часу мы зьбіраем інфармацыю аб транзыце такіх тавараў празь Літву (гаворка ідзе пра тыя тавары, якія вырабленыя ня ў нас). Гэтыя тавары сухапутнымі шляхамі ідуць у Беларусь і Расею. У нас ёсьць дадзеныя аб тым, што частка такіх тавараў можа выкарыстоўвацца падчас вайны ва Ўкраіне, трапляць на поле бою. Таму мы прапануем скласьці сьпісы кодаў такіх тавараў, рух якіх праз тэрыторыю Літвы будзе забаронены. Міністэрства эканомікі адказвае за кантроль над такімі таварамі падвойнага прызначэньня, іншымі словамі, міма нас такія тавары на поле бою ня пройдуць, тэрыторыю Літвы для гэтага ня будуць выкарыстоўваць», — сказала міністарка эканомікі Аўшрыне Арманайце.

«Частка тавараў падвойнага прызначэньня можа выкарыстоўвацца як у бытавых прыладах, гэтак і ва ўзбраеньні. Гэтыя службы паказваюць, што гэтыя тавары, мы ўжо ідэнтыфікавалі 65 кодаў, выкарыстоўваюцца і на полі бою. Таму мы хочам увесьці абмежаваньні. Частка гэтых тавараў ня трапіла пад санкцыі, частка трапіла. Сьпіс будзе вялікі, у асноўным гэта электроніка», — сказала міністарка.

Віцэ-міністар Караліс Жамайціс дадаў, што цяпер відаць, што празь Літву перавозяць шмат электронікі і інжынэрнага абсталяваньня. «Большая частка гэтых тавараў цяпер не трапляе пад санкцыі на ўзроўні ЭЗ, таму Літва складае свой сьпіс, які дасьць магчымасьць забараніць вываз гэтых тавараў у Беларусь і Расею», — сказаў Жамайціс.

Арманайце заўважыла, што літоўскія вытворцы знойдуць спосаб гандляваць са сваімі партнэрамі ў Азіі ў абыход Расеі і Беларусі. «Эўракамісія паінфармаваная, МЗС ажыцьцяўляе кансультацыі. Я лічу, што мы прынялі эўрапейскае рашэньне, Літва ўвядзе жорсткае рэгуляваньне, яно больш адпавядае законам ЭЗ, чым рашэньне Польшчы цалкам закрыць межы. Важна таксама, каб Латвія і Эстонія, Фінляндыя і Нарвэгія ўзялі ўдзел у агульным рашэньні», — заявіла міністарка. Мяркуецца, што рашэньне можа набыць моц у ліпені 2023 году і будзе дзейнічаць на працягу году, потым яго можна будзе падоўжыць.

DELFI нагадвае, што Польшча з 1 чэрвеня ўвяла часовую забарону на ўезд грузавога транспарту з Расеі і Беларусі, таму асноўнай транзытнай краінай стала Літва. Празь Літву фуры едуць у Беларусь, там тавары перагружаюць і вязуць іх у Расею.

Financial Times у траўні пісала пра такі гандаль паміж ЭЗ і Расеяй празь Беларусь. FT высьветліла, што з ЭЗ вывезьлі тавараў падвойнага прызначэньня на суму 2 мільярды даляраў, толькі палова гэтых тавараў трапіла ў азначаную краіну прызначэньня — Казахстан, Кіргізстан, Армэнію. Паводле зьвестак выданьня, астатняя частка трапіла ў Расею.

Напрыклад, паводле зьвестак Financial Times, за 13 месяцаў з пачатку вайны Літва праз Казахстан пераслала тавары падвойнага прызначэньня на суму 84 мільёны даляраў, пры гэтым сам Казахстан атрымаў гэтых тавараў толькі на суму 11 мільёнаў даляраў.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG