Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, як зьменяць назву вуліцы Мінскай у Адэсе


Адэскі опэрны тэатар. Ілюстрацыйнае фота
Адэскі опэрны тэатар. Ілюстрацыйнае фота

Мясцовыя ўлады ўкраінскіх гарадоў працягваюць мяняць зьвязаную з Расеяй і Беларусьсю тапаніміку. Гэта пачалося пасьля таго, як Расея пры падтрымцы беларускіх уладаў уварвалася ва Ўкраіну.

Гісторыка-тапанімічная камісія Адэскай гарадзкой рады зацьвердзіла новыя назвы 17 вуліц, алей і паркаў у горадзе.

У прыватнасьці, вуліца Мінская цяпер можа атрымаць назву ў гонар Ёзэфа Прыбіка, кампазытара і шматгадовага дырыгента Адэскага опэрнага тэатру.

Парк Горкага будзе перайменаваны ў Парк дзіцячых мараў, завулак Маякоўскага — у завулак Футурыстаў (у гонар адэскіх мастакоў-футурыстаў)

Канчатковае рашэньне аб перайменаваньні маюць ухваліць дэпутаты гарадзкой рады.

З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, ва Ўкраіне ва ўсіх населеных пунктах адбываецца замена беларускай і расейскай тапанімікі, створанай яшчэ ў савецкія часы.

У той жа час ва ўкраінскіх гарадах пачалі зьяўляцца вуліцы ў гонар беларусаў, якія загінулі ва Ўкраіне, а таксама беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага (1838–1864), першага беларускага рэвалюцыянэра.

Нядаўна Бучанская гарадзкая рада (Кіеўская вобласьць) перайменавала вуліцу Акружную ў гонар Ільлі «Літвіна» (пазыўны Ільлі Хрэнава). 27-гадовы беларус ваяваў у складзе беларускай роты тэрытарыяльнай абароны «Азоў» зь першага дня поўнамаштабнага нападу Расеі на Ўкраіну. Трэцяга сакавіка пры абароне Бучы «Літвін» быў паранены. Яго праапэравалі, але 4 сакавіка ён памёр.

Ільля Хрэнаў («Літвін») стаў першым беларускім добраахвотнікам, які загінуў, абараняючы Ўкраіну. «Літвін» яшчэ ў 2014 годзе паехаў ваяваць ва Ўкраіну і ў Беларусь больш не вярнуўся. Ён працаваў ва Ўкраіне ў ІТ, але поўнамаштабная вайна зьмяніла ўсе ягоныя жыцьцёвыя пляны — ён зноў апрануў вайсковую форму.

У Мукачаве Закарпацкай вобласьці вуліцу Беларускую перайменавалі ў гонар антырасейскага беларускага паўстанца Кастуся Каліноўскага (1838–1864), нацыянальнага героя беларускага, польскага і літоўскага народаў. Кастусь Каліноўскі быў адным з кіраўнікоў паўстаньня на сучасных землях Літвы і Беларусі і змагаўся супраць Расейскай імпэрыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG