Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея стварыла ў Беларусі вайсковы аддзел свайго Сьледчага камітэту


Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з расейскімі вайскоўцамі на палігоне ў Берасьцейскай вобласьці. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з расейскімі вайскоўцамі на палігоне ў Берасьцейскай вобласьці. Архіўнае фота

Тысячы расейскіх вайскоўцаў праходзяць навучаньне на беларускіх палігонах, перад тым як ехаць на вайну з Украінай.

У Беларусі створаны вайсковы сьледчы аддзел Сьледчага камітэту Расеі, паведаміла прэс-служба расейскага ведамства.

СК Расеі піша, што структура створаная ў сувязі з разьмяшчэньнем падразьдзяленьняў Мінабароны Расеі ў Беларусі. Іншых падрабязнасьцяў не паведамляе.

Інфармацыя пра гэта прагучала ў акупаваным Расеяй Луганску.

24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.

Летась у ліпені Аляксандар Лукашэнка публічна прызнаў уварваньне 20-тысячнага кантынгенту расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Ён неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў вайне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы».

Летась у кастрычніку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным пра разьмяшчэньне сумеснай групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі. У беларускім вайсковым ведамстве тады казалі, што колькасьць расейскіх вайскоўцаў у групоўцы складзе крыху менш за дзевяць тысяч чалавек.

У сакавіку Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея разьмесьціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Паводле яго слоў, Расея не перадае ядзерную зброю Беларусі, а разьмяшчае сваю зброю на яе тэрыторыі.

У чэрвені аўтарытарны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка казаў пра просьбу да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна «вярнуць» Менску ядзерную зброю.

Паводле яго слоў, «пакуль» гаворка ідзе пра тактычную зброю, але Беларусь таксама рыхтуе пляцоўкі для разьмяшчэньня стратэгічных ракет. З размовы Лукашэнкі з журналістамі вынікае, што ён лічыць, што можа прыняць рашэньне аб выкарыстаньні дысьлякаваных у краіне тактычных боепрыпасаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG